Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Люты 2012 году
Адсутнасць пазітыўных зменаў у сферы правоў чалавека, і найперш нявырашанасць праблемы палітычных зняволеных, на працягу лютага знаходзіліся ў цэнтры палітычных дачыненняў ЕС з беларускімі ўладамі.
Дырэктар дэпартамента Еўрапейскай службы замежных дзеянняў Гунар Віганд, які наведаў 9 лютага Мінск, заявіў, што Еўрасаюз не будзе мяняць сваю палітыку ў адносінах да Беларусі, пакуль за кратамі знаходзяцца палітвязні. Падчас адной з сустрэчаў ён адзначыў, што ў выніку стасункаў з прадстаўнікамі афіцыйнага Мінску з’явілася надзея, што на працягу бліжэйшых тыдняў на волю могуць выйсці некалькі ключавых палітычных зняволеных. Чакалася, што гэта могуць быць экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і ягоны паплечнік Дзмітрый Бандарэнка, якія напісалі прашэнні аб памілаванні. Аднак да канца лютага ніякіх зрухаў у гэтым накірунку так і не адбылося.
Больш за тое, сітуацыя стала яшчэ больш напружанай пасля вынясення палітычна-матываванага абвінаваўчага прысуду (2 гады і 1 месяц пазбаўлення волі) актывісту КХП-БНФ з Віцебска Сяргею Каваленку, што было адназначана ўспрынята як адсутнасць імкнення да дыялогу па гэтай вострай і прынцыповай праблеме.
Даючы выразны палітычны сігнал беларускаму боку, 10 лютага на сваім паседжанні Савет ЕС прыняў пастанову, згодна з якой пашырыліся магчымасці прымянення санкцыяў у адносінах да фізічных і юрыдычных асобаў Беларусі, датычных да парушэнняў асноўных правоў і свабод. І ўжо 27 лютага ў Брусэлі на паседжанні Савета міністраў замежных справаў краінаў Еўрасаюзу візавыя і фінансавыя санкцыі былі ўведзены ў адносінах да 19 прадстаўнікоў судовай сістэмы Беларусі і 2 міліцэйскіх чыноўнікаў.
Адказ афіцыйнага Мінска быў імклівым і нервовым: ужо на
наступны дзень, 28 лютага, МЗС Беларусі прапанаваў кіраўніку прадстаўніцтва
Еўракамісіі Майры Моры і амбасадару Польшчы Лешаку Шарэпку выехаць у свае
сталіцы для кансультацый, каб «давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю
беларускага боку аб непрымальнасці ціску і санкцый». У сваю чаргу, у Мінск
для кансультацый былі адкліканы пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Еўрасаюзе
Андрэй Еўдачэнка і амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак. Было таксама
заяўлена, што "беларускі бок зачыніць уезд у Беларусь тым асобам з краін
Еўрасаюза, якія спрыялі ўвядзенню абмежавальных захадаў". У той жа вечар
Брусэль абвясціў пра адкліканне з Беларусі ўсіх амбасадараў краінаў Еўрасаюзу
“на знак салідарнасці і еднасці”.
У развіццё прынцыповай пазіцыі 2 сакавіка лідэры краін Еўрасаюза на саміце ў Брусэлі заклікалі Раду міністраў замежных справаў ЕС зрабіць далейшыя захады ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. Прэзідэнт Еўрапейскай рады Гэрман ван Ромпэй агучыў узгодненую заяву саміта адносна Беларусі: «Еўрапейская рада выказвае сваю сур’ёзную занепакоенасць далейшым пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі. Яна вітае рашэнне Рады ЕС пашырыць спіс асобаў — адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, а таксама тых, якія падтрымліваць рэжым Лукашэнкі або атрымліваюць ад яго карысць — у дачыненні да якіх была ўжытая візавая забарона і замарожванне актываў”. Еўрапейская рада заклікала Раду ЕС працягнуць працу над далейшымі абмежавальнымі захадамі ў адносінах да такіх асобаў.
Такім чынам, люты адзначыўся сур’ёзнымі заявамі і палітычнымі захадамі краінаў ЕС па праблемах, звязаных з крытычным станам правоў чалавека ў Беларусі, што выклікала жорсткае супрацьдзеянне беларускіх уладаў. Беларускі бок пры гэтым не толькі не зрабіў ніводнага кроку да ўстранення прычынаў канфлікту, але і прадэманстраваў волю да далейшай яго эскалацыі.
Сітуацыя з асноўнымі правамі і свабодамі заставалася крытычна кепскай.
Палітычныя зняволеныя, палітычна матываваны крымінальны пераслед
За кратамі працягвалі знаходзіцца 15 палітычных вязняў Беларусі: Мікалай Аўтуховіч, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Дзімтрый Бандарэнка, Павел Севярынец, Дзімтрый Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Алесь Бяляцкі, Сяргей Каваленка, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павел Сырамалотаў.
1 лютага Дзмітрый Бандарэнка напісаў прашэнне аб памілаванні. Напярэдадні, нягледзячы на перанесеную аперацыю на хрыбетніку, адносна яго ўступілі ў дзеянне больш жорсткія ўмовы ўтрымання, у яго забралі мыліцы і адмысловы артапедычны абутак. Адразу пасля напісання прашэння неабходныя рэчы былі вернутыя вязню. 9 лютага камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленні магілёўскай папраўчай калёніі № 15 вызначыла, што яна не будзе рэкамендаваць вызваліць Дзмітрыя Бандарэнку датэрмінова. Асуджаны на 2 гады калоніі агульнага рэжыму, ён ужо мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, аднак адміністрацыя калоніі, хаця ў зняволенага няма дысцыплінарных спагнанняў, адмаўляецца ісці на гэты крок.
Напісаныя прашэнні аб памілаванні Андрэем Саннікавым (23 лістапада 2011 года) і Дзмітрыем Бандарэнкам ніякім чынам не паўплывалі на іх вызваленне. Сябра камісіі па памілаванні пры прэзідэнце Мікалай Самасейка 8 лютага адзначаў, што на гэтую дату ён яшчэ не мае адпаведных дакументаў на Саннікава і Бандарэнку і што паседжанне камісіі звычайна адбываецца праз 2–3 дні пасля іх атрымання. Тое, што да канца лютага камісія па памілаванні так і не разгледзела прашэнняў А. Саннікава і Д. Бандарэнкі, сведчыць пра тое, што рашэнне па іх справах вязняў залежыць не ад камісіі, а выключна ад рашэння прэзідэнта і вынікаў палітычных працэсаў паміж беларускімі ўладамі і Еўрасаюза.
Залежнасць ад палітычных фактараў не выключалася і ў справе зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. 17 лютага ён быў пераведзены з турмы №8 Жодзіна ў СІЗА №1 Мінска на вул. Валадарскага, дзе ўтрымліваўся 11 дзён. Толькі 28 лютага ён быў этапаваны на месца адбыцця пакарання -- у Бабруйскую папраўчую калонію №2. Па некакторай інфармацыі, МЗС Беларусі наўпрост звязваў пытанне вызвалення праваабаронцы ад прыняцця рашэння па санкцыям Еўрасаюзу.
24 лютага суддзя суда Першамайскага раёну Віцебска Алена Жук прызнала сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленку вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 Крымінальнага кодэксу) і асудзіла яго да 2 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму (пракурор Дзмітрый Лутаў патрабаваў 2 гады 8 месяцаў). Сяргея Каваленку прызналі вінаватым у парушэнні рэжыму адбыцця абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу ( «хатняй хіміі») -- пакарання, вынесенага за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 году на гарадской навагодняй елцы. Да суда С. Каваленка ўтрымліваўся пад вартай, дзе ў знак пратэсту амаль два месяцы трымаў галадоўку пратэсту, якую не спыніў і пасля вынясення прысуду. 17 лютага Сяргей Каваленка паўторна ўзяў шлюб са сваёй былой жонкай.
29 лютага стала вядома, што Барысаўская раённая пракуратура адмяніла пастанову аб спыненні крымінальнай справы па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса “Абраза дзяржаўных сімвалаў” ў дачыненні да Аляксандра Малчанава і Андрэя Мікалаеўскага. А. Малчанаў і яго сябар А. Мікалаеўскі трапілі пад пераслед міліцыі пасля таго, як 26 кастрычніка 2011 года ў цэнтры Барысава былі залітыя фарбай дзяржаўныя сцягі. Крымінальная справа ў першай палове лютага была спынена з-за недахопу доказаў. Аляксандр Малчанаў знаходзіцца пад вартай у СІЗА Жодзіна па абвінавачанні ў здзяйсненні злачынаства па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса (крадзеж, здзейснены групай асобаў): ён разам з яшчэ адным чалавекам быў затрыманы ў Жодзіне ў пачатку студзеня 2012 году па падазрэнні ў крадзяжы металому на тэрыторыі кузнечнага завода.
Пераслед і ціск на праваабаронцаў
13 лютага Мінскі гарадскі суд разгледзеў касацыйную скаргу намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча на пастанову суду Партызанскага раёна Мінска ад 16 снежня 2011 году аб спагнанні падаткаў згодна з зыскавымі патрабаваннямі інспекцыі міністэрства па падатках і зборах Партызанскага раёна сталіцы. Судовая калегія, разгледзеўшы довады праваабаронцы, цалкам пакінула скаргу без задавальнення.
29 лютага Валянцін Стэфановіч атрымаў дзве пастановы аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці на падставе рашэння суду аб спагнанні падаходнага падатку, пені і дзяржаўнай мыты. У сямідзённы тэрмін ён павінен сплаціць 31 515 540 рублёў падаходнага падатку, 22 841 830 рублёў пені за невыкананьне падаткавага абавязальніцтва, а таксама 2 717 870 рублёў дзяржаўнай мыты.
Справа Валянціна Стэфановіча наўпрост звязана са справай асуджанага Алеся Бяляцкага і шырокім пераследам Праваабарончага цэнтра «Вясна» за праваабарончую дзейнасць і дапамогу палітвязням. Пераслед як Алеся Бяляцкага, так і Валянціна Стэфановіча ініцыяваны КДБ.
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асудзіла адмову ў задавальненні скаргі Валянціна Стэфановіча Мінскім гарадскім судом, адзначыўшы, што сумы, залічаныя праваабаронцу ў якасці “асабістага прыбытку”, былі пераведзены на ягоны банкаўскі рахунак у Літве з боку міжнародных арганізацый, такіх як Amnesty International і Дацкі інстытут па правах чалавека, і заўсёды выкарыстоўваліся ў межах дзейнасці ПЦ “Вясна”.
Выкарыстанне катаванняў і жорсткага абыходжання, нездавальняючыя ўмовы ўтрымання
22 лютага падчас сустрэчы з адвакатам высветлілася, што Дзмітрый Дашкевіч паўторна на працягу месяца змешчаны ў штрафны ізалятар Глыбоцкай калоніі №13 на 10 сутак; пра прычыны гэтага рашэння адміністацыі калоніі вязень паведаміць не змог. Падчас папярэдняй сустрэчы з адвакатам 17 лютага Дзмітрый Дашкевіч таксама быў у штрафным ізалятары. Туды ён быў змешчаны за адмову ўваходзіць у камеру да зняволенага з нізкім сацыяльным статусам, што па турэмных правілах аўтаматычна перавяло б яго самога ў такі ж статус.
29 лютага Сяргея Каваленку з СІЗА Віцебску перавезлі ў турэмны шпіталь пры мінскай калоніі №1 на Валадарскага. Палітычны зняволены, які трымае галадоўку ўжо больш за 2 месяцы, страціў каля 30 кілаграмаў вагі, адчувае сябе вельмі слабым, яму цяжка сядзець і нават ляжаць. С. Каваленка патрабуе пераводу ў цывільны шпіталь, змены меры стрымання і адмены несправядлівага прысуду.
У Дзмітрыя Бандарэнкі пагоршыўся стан здароўя. У лісце да жонкі Вольгі Бандарэнкі палітзняволены напісаў, што ў калоніі быў вялікі агляд, зняволеныя доўга стаялі і ён прастудзіўся, паднялася высокая тэмпература. Калі Дзмітрый Бандарэнка пайшоў у санчастку, яму далі лекі, але спачатку адмовілі ў змяшчэнні ў санчастку, аднак пасля далейшага пагаршэння самаадчування ўсё ж паклалі на лячэнне.
Смяротнае пакаранне
Напачатку лютага стала вядома, што беларускі ўрад лічыць непрымальнай скаргу блізкіх асуджанага да смяротнага пакарання Уладзіслава Кавалёва, накіраваную ў Камітэт па правах чалавека ААН і зарэгістраваную 15 снежня 2011 году. На думку беларускага ўраду, непрымальнасць яе выцякае з-за нявычарпанасці ўсіх нацыянальных сродкаў абароны, паколькі скарга Кавалёва знаходзіцца на разглядзе ў Вярхоўным судзе ў парадку нагляду. Таксама Кавалёў звярнуўся за памілаваннем да Аляксандра Лукашэнкі. Разам з тым, зварот са скаргай у парадку нагляду не прызнаецца міжнароднымі органамі ў сферы правоў чалавека ў якасці прававога сродку ўнутрыдзяржаўнай абароны, паколькі ў гэтым выпадку не ўзбуджаецца прававая працэдура. Зварот за памілаваннем таксама нельга расцэньваць як прававы сродак абароны правоў, бо асноўнымі ў гэтай працэдуры з’яўляюцца не прававыя пытанні, а маральныя альбо гуманітарныя. Згодна з практыкай, асуджаны да смяротнага пакарання ў Беларусі даведваецца аб тым, што яму адмоўлена ў задавальненні скаргі ў парадку нагляду і прашэнні аб памілаванні за некалькі хвілін да пакарання. У яго няма ніякай рэальнай магчымасці за гэтыя некалькі хвілін прадставіць у Камітэт па правах чалавека скаргу ААН і дачакацца яе рэгістрацыі. Таму патрабаванне аб вычарпальнасці ўнутраных сродкаў да падачы скаргі ў ААН – неабгрунтаванае. Гэтая пазіцыя выкладзена маці Уладзіслава Кавалёва Камітэту па правах чалавека ААН на каментарый ураду Беларусі. Камітэт звярнуўся да дзяржавы з просьбай не прыводзіць смяротны прысуд у выкананне да канца разгляду справы па сутнасці.
Любоў Кавалёва, маці асуджанага да смяротнага пакарання Уладзіслава Кавалёва, накіравала звароты ў дзяржаўныя органы, якія маюць права звяртацца ў Канстытуцыйны суд дзеля вынясення заключэнняў. Яна прасіла гэтыя органы ўнесці прапановы ў Канстытуцыйны суд аб увядзенні ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс артыкула аб прыпыненні выканання смяротнага прысуду ў сувязі са зваротам ў Камітэт па правах чалавека ААН. 18 лютага з адказу з Адміністрацыі прэзідэнта за подпісам загадчыка аддзела па пытаннях грамадзянства і памілавання Аляксандра Кісялёва паступіў адказ, што для разгляду яе прапановы патрэбны комплесны прававы аналіз заканадаўства з удзелам кампетэнтных органаў. Акрамя Адміністрацыі прэзідэнта, Любоў Кавалёва аналагічныя звароты накіравала ў Савет Міністраў, Вярхоўны суд, Савет Рэспублікі і Палату Прадстаўнікоў.
27 лютага сваякі асуджанага да смяротнага пакарання майстра джыу-джытсу з Гомельшчыны Ігара Мяліка паведамілі, што больш за месяц не атрымліваюць ад яго лісты, хаця раней ён пісаў рэгулярна, штотыдзень. Яны выказалі непакой, што смяротны прысуд мог быць прыведзены ў выкананне. Смяротны прысуд Ігару Мяліку быў вынесены 14 верасня 2010 года Магілёўскім абласным судом за здзяйсненьне серыі забойстваў, рабаўніцтва, крадзеж у складзе злачыннай групоўкі, а таксама за незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі і баепрыпасаў. 11 лютага 2011 года калегія Вярхоўнага суда Беларусі пакінула прысуд без зменаў.
13 лютага праваабаронца Валянцін Стэфановіч атрымаў з Адміністрацыі прэзідэнта адказ на свой зварот с просьбай увесці мараторый на смяротнае пакаранне (зварот быў накіраваны 9 снежня 2011 году, напярэдадні Дня правоў чалавека). У адказе сказана, што “Рэспубліка Беларусь паслядоўна ідзе па шляху абмежавання выкарыстання смяротнага пакарання”. “Рух на шляху выключэння смяротнага пакарання з ліку крымінальных пакаранняў не можа быць аднолькавым у розных дзяржавах свету. Немагчыма аднамаментна змяніць унутрынацыянальныя, гістарычна сфарміраваныя погляды ў гэтым пытанні”,- адзначана ў адказе за подпісам загадчыка аддзелу па пытаннях грамадзянства і памілавання Аляксандра Кісялёва.
14 лютага Прэзідэнта Еўрапарламента Марцін Шульц звярнуўся да А. Лукашэнкі аб памілаванні Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, якія чакаюць смяротнага пакарання. “Мы выступаем супраць смяротнага пакарання ў любых абставінах і заклікаем Беларусь, апошнюю краіну ў Еўропе, якая выкарыстоўвае яго, увесці мараторый на смяротнае пакаранне,” – адзначыў ён.
16 лютага Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па смяротным
пакаранні ў Беларусі, у якой асудзіў смяротныя прысуды, вынесеныя Кавалёву і
Канавалаву, і настойліва заклікаў Аляксандра Лукашэнку памілаваць гэтых асобаў
і абвясціць мараторый на смяротныя прысуды і пакаранне з мэтай скасавання
смяротнага пакарання з сістэмы пакаранняў шляхам ратыфікацыі Другога
факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і
палітычных правах, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні
1 лютага на паседжанні камісіі пры адміністрацыі Маскоўскага раёну Мінска непаўнагадовага актывіста аргкамітэту па стварэнні Нацыянал-бальшавіцкай партыі Уладзіслава Лобава аштрафавалі на 30 базавых велічыняў за ўдзел у акцыі 3 снежня 2011 году каля будынку Белтэлерадыёкампаніі, калі трое маладых людзей выплюхнулі на ганак вядро з локшынай і раскідалі ўлёткі. Дзеянні У.Лобава кваліфікаваныя па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).
8 лютага пасля 19-ай гадзіны супрацоўнікі міліцыі ў масках,
выбіўшы вокны, уварваліся ў дом, дзе ўжо шмат гадоў па серадах праводзяцца
сустрэчы “Ліцьвінскага клубу”. Былі затрыманыя 32 удзельнікі мерапрыемства,
сярод якіх – 2 непаўнагадовыя, і дастаўленыя ў РУУС Маскоўскага раёну Мінску.
Першапачатковай прычынай затрымання супрацоўнікі міліцыі назвалі тое, што
паступіла інфармацыя пра наркотыкі ў гэтым доме, а пазней паведамілі пра
падазрэнні на тое, што там праводзіла службы нейкая секта. Праз паўтары гадзіны
ўсе затрыманыя былі адпушчаны без складання пратаколаў.
11 лютага ў Дзяржынску былі затрыманыя актывісты "Еўрапейскай
Беларусі" Аляксандр Тарнагурскі, Анатоль Жулетнікаў і Уладзімір
Дзенісевіч, якія спрабавалі вывесіць расцяжку "Свабоду Бяляцкаму!".
Актывістаў даставілі ў РУУС Дзяржынскага раёна і горада Дзяржынска, дзе склалі
пратаколы апытання, сканфіскавалі расцяжку і вызвалілі. У пачатку сакавіка
Аляксандру Тарнагурскаму і Уладзіміру Дзенісевічу былі вынесеныя пакаранні ў
выглядзе штрафаў памерам 20 і 10 базавых велічыняў па артыкуле 21.14 ч.2 КаАП
РБ (парушэнне правілаў утрымання населеных пунктаў).
22 лютага суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Матыль асудзіла актывіста грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Паўла Вінаградава на 10 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства) за акцыю “Ігрушко мітінгуэ”, якая была праведзеная 10 лютага каля Мінгарвыканкама. Павел Вінаградаў быў раптоўна затрыманы пасля 17 гадзін 21 лютага і доўгі час пра яго месцазнаходжанне нічога не было вядома. Ноч актывіст правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
У памяшканні суда пры спробе перадаць прадукты Паўлу Вінаградаву быў затрыманы яшчэ адзін актывіст кампаніі “Гавары праўду” Алесь Арцыбашаў. Яго адвезлі ў Маскоўскі РУУС для складання пратаколу адміністратыўнага правапарушэння за ўдзел у той жа акцыі “Ігрушко мітінгуэ”. У гэты ж дзень суд Маскоўскага раёну асудзіў А. Арцыбашава да 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
22 лютага пасля 15 гадзін суд Віцебскага раёну разгледзеў адміністрацыйныя справы маладафронтаўцаў Рамана Васільева, Міхаіла Мускага, Дзмітрыя Крэмянецкага і Уладзіміра Яроменкі, а таксама сябра БАЖу Паўла Сітніка, якія 21 лютага ехалі на суд да Сяргея Каваленкі і былі затрыманыя па дарозе. Усе яны былі абвінавачаны ў дробным хуліганстве. Кіроўцу аўтамабіля Паўла Сітніка, які адзіны, хто прыйшоў на суд, пакаралі штрафам у памеры 105 тысяч рублёў, астатнія завочна атрымалі арышты на трое сутак.
22 лютага сітуацыя з затрыманнем аўтамабіля паўтарылася з аршанскімі актывістамі аргкамітэту па стварэнні партыі БХД, якія ехалі ў Віцебск, каб падтрымаць у судзе Сяргея Каваленку. Машыну спынілі, ва ўсіх забралі дакументы і сказалі чакаць. Праз тры гадзіны дакументы аддалі і адпусцілі, абышлося без складання пратаколаў.
23 лютага пры правядзенні антыалкагольнай акцыі каля ўнівермага «Гомель» у абласным цэнтры былі затрыманыя актывісты кааліцыі «Наша альтэрнатыва» Кастусь Жукоўскі, Андрэй Папоў і Дзмітрый Карашкоў. Пратрымаўшы каля двух з паловай гадзін, іх адпусцілі з Цэнтральнага РАУС Гомеля, забраўшы каля 430 асобнікаў антыалкагольных улётак, каб праверыць на адпаведнасць закону. Улёткі ўтрымлівалі заклік «Хопіць піць – час сям'ю карміць і краіну бараніць» і віншаванні з Днём абаронцы Айчыны.
Палітычна матываваныя адліэнні з вучобы
6 лютага з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (МДЛУ) адлічылі актывістаў “Еўрапейскай Беларусі” Аляксандра Салдаценку, Аляксандра Вялітчанку і Мікіту Каваленку, якія раней былі асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў за ўдзел у акцыях салідарнасці з палітычнымі зняволенымі Беларусі. Аляксандр Салдаценка быў асуджаны на 7 сутак арышту за ўдзел у акцыі 25 кастрычніка 2011 году; пасля затрымання на акцыі 26 кастрычніка 2011 году Аляксандр Вялітчанка атрымаў 15 сутак арышту, а Мікіта Каваленка – 10 сутак, а 8 студзеня яшчэ 5 сутак арышту за ўдзел у новай акцыі. Аляксандра Вялітчанку затрымлівалі за ўдзел у акцыі 2 жніўня 2011 году каля будынку Горацкай калоніі, у якой тады адбываў пакаранне палітвязень Дзмітрый Дашкевіч. Тады яго пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічыняў.
У лістападзе 2011 года рэктар МДЛУ Наталля Баранава вынесла студэнтам “афіцыйнае пісьмоваепапярэджанне аб недапушчальнасьці супрацьпраўных паводзінаў”, перавысіўшы тым самым свае службовыя паўнамоцтвы.
14 лютага актывістка “Маладога фронту” Наста Шулейка даведалася, што яна адлічаная з Інстытуту журналістыкі БДУ. Наста неаднаразова затрымлівалася за ўдзел у акцыях пратэсту, што і паслужыла прычынаю адлічэння. Так, пасля першага затрымання за акцыю ў падтрымку праваабаронцы Алеся Бяляцкага 25 лістапада 2011 года, кіраўніцтва інстытута вынесла ёй вымову. Падчас акцыі 19 снежня 2011, прысвечанай гадавіне трагічных падзеяў на Плошчы, Насту затрымалі каля Чырвонага касцёлу, а назаўтра пакаралі штрафам. Яе таксама затрымлівалі 31 снежня 2011 каля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, за што пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічынь, а Новы Год яна сустрэла ў камеры.
Абмежаванні свабоды слова
6 лютага, у пяты раз за апошні час, ДАІ затрымала для праверкі машыну рэдактара "Віцебскага Кур'ера", якой кіравала журналістка "ВК" Юлія Канаплёва. Супрацоўнікі папрасілі журналістку адкрыць багажнік, але атрымалі адмову. Кіроўца запатрабавала панятых і запрасіла прадстаўніка ўладальніка аўто і журналістаў. 4 гадзіны цягнуўся агляд аўтамабіля, складанне пратаколу агляду (у машыне была ўсяго адна газета "Віцебскага Кур'ера"), пасля чаго журналістка была адпушчаная, дакументы ёй вернутыя.
16 лютага рэдактара сайта "Народныя Навіны Віцебска” Сяргея Серабро апыталі ў транспартнай міліцыі наконт інфармацыі пра бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны 8 лютага на знак салідарнасці са зняволеным у СІЗА сябрам КХП БНФ Сяргеем Каваленкам. У транспартнай міліцыі ў журналіста цікавліся, ці ён пісаў інфармацыю для сайту і ці пацвярджае яе. С. Серабро адказаў, што журналіст мае права не выдаваць крыніцы інфармацыі, калі гэта не тычыцца сведчанняў у судзе. 8 лютага, калі Сяргей Серабро фатаграфаваў вывешаны сцяг, яго затрымалі супрацоўнікі транспартнай міліцыі. Спачатку яны запатрабавалі, каб незалежны журналіст выдаліў здымкі, але не знайшлося законных падставаў для гэтага. Тады, перапісаўшы асабістыя дадзеныя, журналіста адпусцілі.
16 лютага гарадзенскі відэааператар Мікола Дзятчэня атрымаў папярэджанне ад Гарадзенскай абласной пракуратуры за працу без акрэдытацыі для канала “Белсат”. Па меркаванні пракуратуры, некаторыя кадры з акцыі ў раённым цэнтры Свіслач, якія былі паказаныя па “Белсату”, зробленыя менавіта Міколам Дзятчэнем. Такую выснову пракурорскія работнікі зрабілі з таго, што журналіст знаходзіўся акурат у той час і ў тым месцы. Як доказ яго местазнаходжання пракуратура прад’явіла зробленыя невядомымі работнікамі сілавых ведамстваў фотаздымкі. Пасля таго, як журналіст атрымаў папярэджанне, пракурорскія работнікі адмовіліся даць копію гэтага дакумента папярэджанаму, хоць той настойваў на гэтым.
21 лютага журналіст з Гародні Віктар Парфёненка, які тройчы цягам трох гадоў падаваў паперы на афіцыйную рэгістрацыю ў якасці журналіста Беларускага Радыё Рацыя, быў выкліканы ў Гарадзенскую абласную пракуратуру для абвешчання афіцыйнага папярэджанне за працу без акрэдытацыі. У гутарцы з намеснікам начальніка аддзелу па наглядзе за выканананнем заканадаўства Валерыем Павядайкам быў згаданы матэрыял Парфёненкі ад 8 снежня 2011 году, які быў прысвечаны адзначэнню ў Гародні юбілею Максіма Багдановіча. Пісьмовага папярэджання Віктар Парфёненка, нягледзячы на патрабаванне, не атрымаў. Журналіст збіраецца чарговы, ужо чацвёрты раз, падаць паперы на афіцыйную акрэдытацыю ў МЗС.
21 лютага Гарадзенская абласная пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне незалежнаму журналісту Алесю Дзянісаву. Гутарку з Дзянісавым вёў намеснік начальніка аддзелу пракуратуры Гарадзенскай вобласці Валеры Павядайка. Фармальнай падставай такога рэагавання афіцыйнага органа стаў рэпартаж пра Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Свіслачы, які прайшоў у канцы кастрычніка мінулага году. Пракуратура папярэдзіла Дзянісава за журналісцкую працу без акрэдытацыі. Нібыта ў матэрыяле тэлеканалу “Белсат” былі выкарыстаны кадры, якія зняў Алесь Дзянісаў. Журналіст заявіў прадстаўніку пракуратуры, што такое папярэджанне не мае ніякіх падставаў, паколькі з’яўляецца бяздоказным.
27 лютага ў Гарадзенскую абласную пракуратуру была выклікана Гражына Шалкевіч, карэспандэнтка Беларускага Радыё Рацыя. Журналістцы было абвешчана афіцыйнае папярэджанне за працу без афіцыйнай акрэдытацыі. Аднак, даць на рукі пісьмовы дакумент начальнік аддзелу па наглядзе за выкананнем заканадаўства Валерый Павядайка адмовіўся. Просьба журналісткі перапісаць змест і сутнасць папярэджання засталася таксама без задавальнення.
27 лютага незалежнаму журналісту Андрэю Мялешку патэлефанавалі на мабільны тэлефон з абласнога ўпраўлення Камітэту дзяржаўнай бяспекі і запрасілі на “прафілактычную гутарку”. Тэлефанаваўшы прадставіўся маёрам Жукавым. Мялешка запатрабаваў прадставіць яму афіцыйную позву і сказаў, што прыйдзе толькі пасля яе атрыманння. Андрэй Мялешка – пяты гарадзенскі сябра БАЖ, якога турбуюць за апошні тыдзень з пракуратуры альбо КДБ.
22 лютага супрацоўнікі КДБ запрасілі на неафіцыйную сустрэчу галоўнага рэдактара сайта «Свабодны Рэгіён» Яўгена Парчынскага з Наваполацку. Пры сустрэчы супрацоўнік дзяржбяспекі нагадалі пра існаванне ў Крымінальным кодэксе артыкулаў аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь у публікацыях, аўдыё, відэа матэрыялах, а таксама пра тое, што займаючыся журналісцкай дзейнасцю без акрэдытацыі, ён парушае існуючае заканадаўства.
21 лютага на семінар па пытаннях ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці з удзелам старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона, Генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, старшыні аблвыканкама Уладзіміра Дворніка, прадстаўнікоў структур улады і бізнесу не дапусцілі карэспандэнта БелаПАН Алену Германовіч. Супрацоўніца ўпраўлення ідэалогіі аблвыканкаму Вольга Рабікава прапанавала Алене пакінуць памяшканне, матываваўшы тым, што для прысутнасці на семінары патрэбна адмысловае запрашэнне. Словы карэспандэнта аб тым, што журналіст, у адпаведнасці з заканадаўствам, мае права атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, прысутнічаць на мерапрыемствах, не аказалі на супрацоўніцу ідэалогіі ніякага ўплыву.
26 лютага каля 19 гадзін вечара ў Віцебску супрацоўнікамі міліцыі была затрыманая добраахвотная памочніца грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Ганна Гадлеўская, якая распаўсюджвала бясплатную газету «Наш Дом инфо». Супрацоўнік міліцыі быў без формы, ён паказаў пасведчанне і выклікаў па тэлефоне нарад міліцыі. Супрацоўнікі міліцыі даставілі актывістку ў Кастрычніцкі РАУС, склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні нібыта за незаконны распаўсюд друкаванай прадукцыі, канфіскавалі 430 асобнікаў газеты і пра 3 гадзіны адпусцілі.
Абмежаванне свабоды сходаў
Па стане на 14 лютага ад пачатку году салігорскія ўлады забаранілі 18 акцый, на якіх заяўляльнікі планавалі выказацца аб эканамічнай і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, у тым ліку аб існаванні палітычных зняволеных і неабходнасці іх вызвалення. Пікеты і мітынгі ў Салігорску, запланаваныя на 17-га, 18-га і 19-га лютага, таксама былі забаронены старшынём Салігорскага раённага выканаўчага камітэту Аляксандрам Рымашэўскім на падставе нібыта не прыкладзеных да заявы абавязацельстваў у пісьмовай форме па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства. Заяўнік акцый Уладзімір Шыла заяўвіў, што гэтыя пісьмовыя абавязвальніцтвы былі ці выпадкова, ці наўмысна згубленыя. У канцы лютага Уладзімір Шыла атрымаў адмовы на пяць чарговых заяваў на правядзенне масавых мерапрыемстваў, якія мусілі адбыцца ў канцы месяца. Актывіст вырашыў накіраваць адмысловы зварот салігорскім дэпутатам з патрабаваннем забяспечыць рэальную магчымасць рэалізацыі права на свабоду сходаў у Салігорску.
У сітуацыі татальнай забароны масавых мерапрыемстваў у Салігорску, 24 лютага грамадскія актывісты гораду пры падртымцы мясцовых праваабаронцаў правялі інфармацыйную акцыю з распаўсюдам матэрыялаў супраць смяротнага пакарання. Ужо 29 лютага аднаго з удзельнікаў акцыі Андрэя Тычыну выклікалі ў міліцыю ў сувязі са з’яўленнем у горадзе ўлётак супраць смяротнага пакарання.
20 лютага стала вядома, што ў Брэсцкім раёне ўлады забаранілі пікеты супраць збяднення насельніцтва. Ладзіць тры падобныя акцыі ў вёсках Страдзеч, Знаменка і гарадскім пасёлку Дамачава збіраліся мясцовыя актывісты Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, аднак пад рознымі падставамі ўлады не далі дазвол на правядзенне пікетаў. У вёсцы Страдзеч пікет быў забаронены таму, што арганізатары не падпісалі дамову з органамі ўнутраных справаў, установай аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам. Прычынай адмовы ў вёсцы Знаменка сталася тое, што заяўнік пікету не ўказаў дату свайго нараджэння, у пасёлку Дамачава нібыта быў парушаны ўстаноўлены тэрмiн для падачы заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства.
28 лютага гарадзенскім праваабаронцам Віктару Сазонаву і Раману Юргелю гарадскія ўлады адмовілі ў дазволе на правядзенне пікету ў падтрымку палітвязняў, які планавалася правесці 8 сакавіка. Гарвыканкам афіцыйным лістом за подпісам намесніцы старшыні Ірыны Сенчанковай не даў згоды на правядзенне такога пікету ў Румлёўскім парку, спаслаўшыся на тое, што заяўнікі не прынялі належных мераў па арганізацыі бяспечных умоваў правядзення заяўленага мерапрыемства.
27 лютага гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка накіравалі скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Заяўнікі лічаць, што іх правы на свабоду мірных сходаў і выказванне меркаванняў, прадугледжаныя артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, былі парушаны беларускімі ўладамі. Справа датычыцца таго, што 22 лістапада 2010 года Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка звярнуліся ў Гомельскі гарвыканкам па дазвол на правядзенне пікету, прымеркаванага да Дня правоў чалавека. Гарадскія ўлады масавае мерапрыемства не дазволілі; усе суды – раённы, абласны, Вярхоўны, дзе абскарджвалася дадзенае рашэнне, сталі на іх бок. У скарзе заяўнікі звяртаюць увагу, што ў амаль 500-тысячным горадзе Гомелі ўлады вызначылі толькі адно месца для правядзення пікетаў і мітынгаў, а за правядзенне мірных сходаў грамадзяне, згодна рашэнню гарвыканкама, павінны яшчэ і заплаціць — міліцыі, хуткай дапамозе і камунальным службам.
З падобнай скаргай 23 лютага звянулася ў Камітэт па правах чалавека ААН і сябра АГП з Гомеля Зінаіда Шуміліна. У лютым 2011 года яна і яшчэ 12 чалавек падалі заяўкі на правядзенне ў Гомелі пікетаў з мэтай прыцягнення ўвагі да палітычнага пераследу былых кандыдатаў ў прэзідэнты, якія пасля выбараў трапілі ў турмы. Гарвыканкам адмовіў у правядзенні масавых мерапрыемстваў, а суды — ад раённага да Вярхоўнага, сталі на бок гарвыканкаму.
Сітуацыя з выкананнем свабоды асацыяцыяў
3 лютага каардынатар кампаніі “Права на веру” Аляксей Шэін і адзін з кіраўнікоў Асамблеі НДА Сяргей Лісічонак атрымалі адказ з Савету Рэспублікі на свой зварот, у якім сказана, што заканадаўчы орган не бачыць неабходнасці ініцыяваць скасаванне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу (дзеянасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). У лісце за подпісам намесьніка старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўству і дзяржаўнаму будаўніцтву Мароза Л.Ф сцвярджаецца, што “артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь разам з іншымі нормамі Закона з’яўляецца прававым сродкам барацьбы са злачынствамі, якія парушаюць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзянаў, а таксама парадак і бяспеку ў грамадстве. Паводле нашага меркавання, ён ахоўвае агульнапрынятыя правы чалавека і яго асноўныя свабоды і не парушае міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека”.
10 лютага Баранавіцкі раённы (гарадскі) суд прызнаў баранавіцкага актывіста ўкраінскай дыяспары Мікалая Чарнавуса вінаватым у парушэнні арт. 23.39 КаАП (самаўпраўства пры стварэнні грамадскага аб’яднання) і прысудзіў яму адміністрацыйны штраф у памеры 2 базавых велічынь. Суддзя Станіслаў Півавар прызнаў правапарушэннем тое, што свае заявы ў гарвыканкам наконт выдзялення ўкраінскай дыяспары памяшкання для рэгістрацыі грамадскага аб’яднання “Кабзар” Мікалай Чарнавус падпісваў як старшыня арганізацыі. Паколькі “Кабзар” пакуль не прайшоў дзяржрэгістрацыі, такі подпіс чыноўнікі палічылі самаўпраўствам і ініцыявалі суд над М. Чарнавусам. Не згодны з такім рашэннем, 16 лютага Мікалай Чарнавус накіраваў скаргу ў Брэсцкі абласны суд. У сваёй скарзе ён адзначыў, што 24 лютага 2011 года устаноўчы сход баранавіцкіх украінцаў стварыў ГА “Кабзар”, абраў яго старшынёй і даручыў яму прадстаўляць аб’яднанне ў працэсе рэгістрацыі ці судзе. 29 лютага Брэсцкі абласны суд задаволіў касацыйную скаргу Мікалая Чарнавуса. Гэта стала адным з нечаканых і адзінкавых выпадкаў узнаўлення законнасці і справядлівасці ў галіне свабоды асацыяцыяў.