У мэтах барацьбы з тэрарызмам плануецца ўнесьці дадатковыя зьмены ў Закон аб друку
У закон "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі" будуць унесены дапаўненні, рабіцца гэта будзе згодна з падрыхтаваным Міністэрства юстыцыі Беларусі праектам закона па ўзмацненні мер барацьбы з тэрарызмам. Змяненні адбудуцца таксама ў шэрагу іншых беларускіх заканадаўчых актаў. Гэта робіцца з мэтай забяспечыць бяспеку грамадзян, грамадства і дзяржавы, і барацьбы з актамі тэрарызму, -- паведамілі Радыё "Свабода" ў Мінюсце. У закон аб друку і іншых СМІ будзе ўведзена палажэнне аб тым, што не дапускаецца выкарыстанне СМІ для распаўсюджання інфармацыі, якая служыць апраўданню тэрарызму.
На пытанне: якіх менавіта артыкулаў Закона аб друку чакаюць дапаўненні, прэс-сакратар Міністэрства юстыцыі адказаць па тэлефоне адмовілася і прапанавала зрабіць афіцыйны запыт.
Андрэй Бастунец, намеснік старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", прэс-службе так пракаментаваў сітуацыю: "У існуючым законе аб друку існуе забарона на распаўсюджанне інфармацыі ад імя незарэгістраваных арганізацый (гэта забарона, як і многія іншыя артыкула 5 закона, не адпавядаюць міжнародна-прававым абавязкам і Канстытуцыі). Я не думаю, што дапаўненне новымі абмежаваннямі можа істотна паўплываць на дзейнасць СМІ, як, уласна, і ўнясенне дапаўненняў ў заканадаўства, паколькі сёння галоўныя ў першую чаргу не нормы закона, а правапрымяняльная практыка, якая з заканадаўствам звязана вельмі ўскосна."