Сваякі Каваленкі робяць усё магчымае каб выратаваць ягонае жыцьцё
Сям’я Сяргея Каваленкі 27 лютага праінфармавала Спецдакладчыка Савета па правах чалавека ААН аб сітуацыі з палітвязнем, які пасьля новага прысуду 24 лютага працягвае трымаць галадоўку. Дакумент быў падрыхтаваны з дапамогай віцебскіх праваабаронцаў.
Як паведаміла жонка палітвязня Алена Каваленка, інфармацыя была аператыўна, з уключэньнем працэдуры тэрміновага характару, прынятая да рэагаваньня, пра што спецдакладчык паведаміў кампетэнтым органам Рэспублікі Беларусь.
Фактычна Сяргей Каваленка абвясціў пра галадоўку ў сярэдзіне снежня мінулага года, а ў лютым пэўны час трымаў сухую галадоўку. За гэты час зняволены актывіст страціў болей за 30 кілаграмаў вагі.
Актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку суд прызнаў вінаватым у парушэньні рэжыму адбыцьця “хатняй хіміі” за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску і асудзіў на 2 гады і 1 месяц калоніі.
* * *
Сёньня з палітвязнем у Рэспубліканскім турэмным шпіталі пры СІЗА№1 на вуліцы Валадарскага сустрэлася ягоная жонка Алена. Спатканьне доўжылася гадзіну. Яна спрабавала пераканаць мужа спыніць галадоўку і зберагчы сябе. Алена паведаміла, што Сяргей не пагаджаецца на гэта, хаця ягоная вага зараз складае 55 кг. Ён адчувае сябе кепска, моцна непакоіць боль у правай нырцы і селязёнцы. Па начах спіць цёпла апрануты, каб не замерзнуць, паколькі аслаблены арганізм не трымае цяпла.
"Адзіная ўмова спыненьня галадоўкі – поўнае апраўданьне па прад’яўленых абвінавачваньнях. Яны мяне не зломяць", - паведаміў Каваленка жонцы.
Ён перадаў прывітаньне сваім знаёмым і заклікаў актывістаў апазіцыі смела прыняць удзел у сакавіцкай акцыі (маецца на ўвазе 25 сакавіка).
5 сакавіка з Каваленкам сустракаліся маці, брат і сын Сяргея Каваленкі. Маці паведаміла журналістам, што Сяргей вельмі худы і слабы, і яму трэба неадкладная кваліфікаваная медыцынская дапамога. А сёньня маці Лідзія Каваленка патрапіла на прыём да намесніка начальніка турмы,каб дамовіцца, што ў камеру сына пусьцяць святара. Аднак дзеля такой сустрэчы патрэбны дазвол Віцебскага суда.