Сябры Брэсцкага абласнога РЭП наведалі апальных работнікаў “Граніта”
Як паведаміла сябра Савета Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Зінаіда Міхнюк (на фота), брэсцкая дэлегацыя Брэсцкага абласнога прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці з 7 чалавек пабывала ў сябраў незалежнага прафсаюзу з прадпрыемства “Граніт” у Мікашэвічах. Вельмі добрае ўражанне засталося ад гэтай сустрэчы. На думку Міхнюк, мікашэвіцкія хлопцы – мацнейшыя за граніт. Нягледзячы на страшэнны ціск на прадпрыемстве і не толькі, яны не адмовяцца ад жадання “людзьмі звацца”. Гэтыя работнікі хочуць павагі да сябе, а таксама годных заробкаў.
На дадзены момант улады прыдумалі новы захад ціску праз ваенкамат: непакорных забраць “у партызаны” і гэта нягледзячы на тое, што ў аднаго з самых актыўных жонка вучыцца і двое малых дзетак. Ваенкамат не звярнуў увагі на прадстаўленую пра гэта даведку.
Па словах спадарыні Міхнюк, яны будуць дапамагаць сваім сябрам у Мікашэвічах усімі даступнымі сродкамі.
А яшчэ Зінаіда Міхнюк ад усіх сябраў абласнога прафсаюза РЭП віншуе маці тых хлопцаў з Мікашэвічаў, якія цвёрда выступілі за свае правы, з Днём салідарнасці жанчын.