Лявонцій Чапурных падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН
Сябра партыі “Справядлівы свет” з Брэста Лявонцій Чапурных звярнуўся са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН. Ён просіць прызнаць парушэннем ягоных правоў 5-суткавы арышт за распаўсюд запрашэнняў на Народны сход і немагчымасць абскардзіць судовую пастанову ў вышэйстаячых інстанцыях.
На думку юрыста-праваабаронцы Уладзіміра Малея, які рыхтаваў скаргу, дзяржава парушыла правы Л. Чапурных, прадугледжаныя п.5 арт. 14 і п.2 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пункт 5 арт. 14 прадугледжвае, што кожны асуджаны мае права на перагляд справы вышэйстаячай судовай інстанцыяй; п.2 арт. 19 – права на выказванне свайго меркавання, у тым ліку шляхам распаўсюду інфармацыі.
Нагадаем, што Лявонцій Чапурных быў затрыманы міліцыяй падчас раскідванняў улётак у паштовыя скрынкі з запрашэннем на Народны сход. Ён быў асуджаны на 5 сутак арышту за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. Пасля адбывання арышту яму было адмоўлена ў абскарджванні рашэння суда ў вышэйстаячых інстанцыях па прычыне таго, што тэрмін абскарджвання - 5 сутак – прайшоў. Вышэйшая судовая інстанцыя адмовіла ў просьбе працягнуць тэрмін абскарджвання да сямі дзён, не ўзяўшы пад ўвагу тое, што вызначаныя законам для абскарджання 5 сутак Лявонцій Чапурных знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання.
На фота: Лявонцій Чапурных (злева) з праваабаронцам Уладзімірам Малеем (справа).