Брэсцкі абласны суд задаволіў касацыйную скаргу Мікалая Чарнавуса
Брэсцкі абласны суд 29 лютага задаволіў касацыйную скаргу грамадскага актывіста з Баранавічаў Мікалая Чарнавуса. У зале суда прысутнічала віцэ-консул Генеральнага консульства Украіны ў Брэсце Ірына Чабатарова. Мікалай Чарнавус прасіў абласны суд адмяніць рашэнне суда горада Баранавічы, згодна з якім ён быў пакараны штрафам у 70 тысяч рублёў нібы за самаўпраўства пры стварэнні грамадскага аб’яднання. 3 лютага суддзя Баранавіцкага суда Станіслаў Півавар прызнаў правапарушэннем тое, што свае заявы ў гарвыканкам наконт выдзялення ўкраінскай дыяспары памяшкання для рэгістрацыі грамадскага аб’яднання “Кабзар” Мікалай Чарнавус падпісваў як старшыня арганізацыі, якім ён быў абраны на ўстаноўчым сходзе. Паколькі “Кабзар” пакуль не прайшоў дзяржрэгістрацыі, такі подпіс чыноўнікі палічылі самаўпраўствам і ініцыявалі суд над Чарнавусам.
- Рашэнне суда горада Баранавічы адменена па прычыне парушэння працэсуальнага заканадаўства. Разгляд адміністрацыйнай справы пачаўся больш чым праз два месяцы пасля так званага парушэння,- паведаміў Мікалай Чарнавус. - Гэта магло адбыцца і на судовым пасяджэнні Баранавіцкага гарадскога суда, але нам суддзя Станіслаў Півавар сказаў, што на яго ціснуць зверху. Судовы працэс па справе грамадскага аб’яднання “Кабзар” яскрава падцвердзіў моцную залежнасць баранавіцкіх суддзяў ад мясцовай адміністрацыі, што суддзі кіруюцца не законам, а жаданнем дагадзіць кіраўніку мясцовай вертыкалі,- падсумаваў Мікалай Чарнавус.