Лёнінг: рэпрэсіі ў Беларусі павінны быць спыненыя
Упаўнаважаны фэдэральнага ўраду Нямеччыны па правах чалавека Маркус Лёнінг зрабіў заяву ў сувязі з вынясеньнем прысуду Сяргею Каваленку.
Упаўнаважаны Фэдэральнага ўраду па правах чалавека Маркус Лёнінг заявіў:
«Я рэзка асуджаю палітычна матываваны прысуд, які быў вынесены Сяргею Каваленку, і патрабую яго неадкладнага вызваленьня.
Я патрабую гэтага таксама для ўсіх іншых палітзьняволеных у Беларусі. Яны павінны быць неадкладна вызваленыя і рэабілітаваныя.
Мы стаім на баку тых, хто выступае ў Беларусі за свабоду і правы
чалавека. Рэпрэсіі, якія працягваюцца супраць іх, павінны быць
спыненыя».
На пачатку лютага ўлады Беларусі адмовілі ўпаўнаважанаму ўраду ФРГ па правах чалавека Маркусу Лёнінгу ва ўезьдзе ў краіну.
Лёнінг, паводле нямецкага МЗС, на працягу трохдзённай паездкі ў Менск
меўся сустрэцца з актывістамі праваабарончых арганізацый, а таксама
перадаць Аляксандру Лукашэнку пасланьне ад міністра замежных спраў
Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле.
Associated Press са спасылкай на словы Лёнінга паведамляе, што ў лісьце
Вэстэрвэле зьмяшчаўся заклік да «гуманітарнага вырашэньня» асобных
крымінальных спраў, як мяркуецца, у дачыненьні да палітвязьняў.
Таксама Лёнінг плянаваў наведаць у турме лідэра «Вясны» Алеся Бяляцкага,
які асуджаны на чатыры з паловай гады няволі паводле абвінавачаньня
ва ўхіленьні ад платы падаткаў, паведамляе Washington Post са спасылкай
на агенцтва Associated Press.
Маркус Лёнінг ня раз выказваў падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі
і заклікаў неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх беларускіх
палітвязьняў.