Ігар Случак просіць старшыню Вярхоўнага суда яшчэ раз і справядліва разгледзець яго скаргу
Жыхар Гомеля Ігар Случак паўторна звярнуўся са скаргай да старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы. Гамяльчук ужо звяртаўся да старшыні ВС, але атрымаў адказ ад яго намесніка, таму яшчэ раз напісаў непасрэдна Валянціну Сукалу. Грамадскі актывіст ужо на працягу шасці месяцаў абскарджвае ў судах адміністрацыйны арышт, які атрымаў нібыта за здзяйсненне дробнага хуліганства (брудная лаянка).
«Улічваючы, што, на мой погляд, ваш намеснік разглядзеў маю скаргу павярхоўна, улічваючы яе вялікі аб'ем, складанасць і заблытанасць фактаў, з усёй павагай прашу разглядзець дадзеную скаргу яшчэ раз, грунтоўна і справядліва», - піша ў скарзе Ігар Случак.
Ён быў затрыманы міліцыяй у канцы жніўня, абвінавачаны ў бруднай лаянцы, за што атрымаў арышт на трое сутак. Дадзеную пастанову суда актывіст лічыць несправядлівай і сцвярджае, што не здзяйсняў дадзенага правапарушэння. Абвінавачванне яго грунтавалася на паказаннях некага сведкі, жыхара Гомеля Сяргея Замая, і міліцыянераў, якія толькі пацвердзілі, што дадзены сведка звярнуўся да іх са скаргай на тое, што яго штурхнулі на вуліцы і брудна аблаялі. Ігар Случак у скарзе даводзіць, што паказанні сведак былі блытанымі і супярэчлівымі, а асоба сведкі Сяргея Замая не выклікае даверу. З месца працы дадзенага сведкі быў атрыманы дакумент, што на момант здзяйснення правапарушэння Сяргей Замай знаходзіўся на працы. Дарэчы, у час абскарджання рашэння суда кіраўніцтва лакаматыўнага дэпо, дзе працуе сведка, дало суду іншую даведку: маўляў, першы раз памыліліся.
«Дарэчы, як можна з упэўненасцю сцвярджаць, што звесткі, змешчаныя ў даведцы, выдадзенай 13 кастрычніка, з'яўляюцца няправільнымі, а звесткі, выдадзеныя тым жа дэпо ужо ў студзені 2012 года – правільнымі? Суддзя без ценю сумненняў стаў на бок фактаў, найбольш зручных абвінавачванню, хоць тут бачны канфлікт інтарэсаў намесніка начальніка лакаматыўнага дэпо і начальніка дадзенага прадпрыемства, і прадстаўленыя імі даведкі ў любым выпадку могуць вызваць у суда абгрунтаванае сумненне, якое павінна па закону трактавацца на карысць абвінавачваемага, у дадзеным выпадку – мяне. Узнікае абгрунтаванае сумненне ў тым, што звесткі, прадстаўленыя ў паўторнай даведцы, былі сфальсіфікаваны з мэтай не дапусціць адмены пастановы суду, а таксама ў будучым забяспечыць бяспеку асоб, якія маюць дачыненне да майго арышту. Гэта тычыцца як супрацоўнікаў міліцыі, так і суддзяў. Прызнанне памылак у такой па сутнасці дробнай справе магло сапсаваць ім кар'еру і статыстыку», - выказвае сваё меркаванне ў скарзе Ігар Случак.