viasna on patreon

Сапраўдны абаронца Радзімы: хто гэта і як выглядае?

2012 2012-02-22T13:35:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Абараняць межы Радзімы са зброяй у руках альбо працаваць на яе росквіт «на грамадзянцы»? Ісці на альтэрнатыўную службу ці «касіць»? Разважаем і аналізуем напярэдадні Дня абаронцаў Радзімы і Узброеных Сіл Беларусі.

Думак і меркаванняў на конт «сапраўднага абаронцы» можна прывесці дзесяткі, а тое і сотні. Абараняць краіну са зброяй у руках – звычайная практыка. А што магчыма яшчэ?

І пры чым тут Канстытуцыя?

Па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усе ваеннаабавязаныя асобы маюць права на альтэрнатыўны від службы (артыкул 57). Але на сённяшні дзень няма і не было ніводнага альтэрнатыўшчыка-беларуса. Хаця словаў высокіх чыноўнікаў было сказана шмат. А першая спроба распрацаваць такі законапраект была яшчэ у першай палове 90-ых ў дэпутата Вярхоўнага Савета 13 склікання Уладзіміра Навасяда.

Што такое Альтэрнатыўная грамадзянская служба?

Альтэрнатыўная грамадзянская служба (АГС) – гэта магчымасць аддаваць свой вайсковы абавязак Радзіме шляхам сацыяльнай, псіхалагічнай і фізічнай дапамогі альбо працы ў недзяржаўных арганізацыях, лясніцтвах і інш.

На дадзены момант у Беларусі праходзяць альтэрнатыўную службу толькі замежныя грамадзяне – літоўцы, чэхі, немцы і іншыя. У іх абавязкі можа ўваходзіць догляд за хворымі дзеткамі або дапамога медперсаналу для якога-небудзь шпіталя. Праца вельмі цяжкая і патрэбная. Пагадзіцеся, зусім не кожны зможа выконваць такія абавязкі.

Ці магчыма АГС у Беларусі?

Альтэрнатыўшчыкі дазваляюць дзяржаве знізіць дэфіцыт кадраў у сацыяльных і медыцынскіх установах. А тыя, хто не хоча служыць са зброяй у руках (па розных прычынах і перакананнях), – аддаць вайсковы абавязак Радзіме.

Новы віток змагання за альтэрнатыўную грамадзянскую службу адбыўся ў жніўні-верасні 2009 года. Сябры моладзевага крыла Аб’яднанай грамадзянскай партыі вырашылі распрацаваць кампанію за ўвядзенне альтэрнатыўнай грамадзянскай службы ў Беларусі. Па словах аднаго з ініцыятараў стварэння кампаніі, Міхася Пашкевіча, за першыя паўгады працы ўжо адбыліся некалькі гучных спраў, якімі яны займаліся.

Адной з першых была справа Андруся Цянюты, моладзевага актывіста з Гомелю. Калі ён ішоў у войска, то пачаў патрабаваць альтэрнатыўны від службы. «Андрусь цудоўна разумеў, што ён робіць справу не толькі для сябе, але і для грамадскасці», – кажа Міхась Пашкевіч. Але, калі ўзнікла пагроза завядзення крымінальнай справы, Цянюта вырашыў служыць у войску. І нават падчас службы працягваў агітаваць за АГС.

Другая справа была звязана з Іванам Міхайлавым з Жодзіна і Зміцерам Смыком. Яны прасілі альтэрнатыўную службу па сваіх рэлігійных перакананнях.

«Дзякуючы Алене Танкачовай і сувязям Фонда развіцця прававых тэхналогій, мы змаглі напружыць максімум еўрапейскіх НДА (недзяржаўных арганізацый – аўт.), якія ў прамым сэнсе абарвалі слухаўкі дзяржаўных органаў Беларусі. Адразу пайшлі заявы чыноўнікаў аб тым, што закон патрэбен і павінен быць распрацаваны», – сцвярджае Міхась Пашкевіч.

«Альтэрнатыва» не выгадна дзяржаве?

У жніўні 2010 года адбылася сустрэча паміж міністрам абароны і прэзідэнтам, на якой была агучана інфармацыя аб пачатку распрацоўкі закона аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе. Але справа далей не ідзе, хоць ужо і прайшло два гады. «Дзяржаве не выгадны такі закон, бо як толькі чалавек трапіць на такі від службы, то яна не зможа не ўплываць на яго праз сваю ідэалогію», – кажа Міхась Пашкевіч.

Зараз кампанія пачала пераўтварацца ў цэнтр прававой дапамогі прызыўнікам. Па словах Пашкевіча: «Нам штодня прыходзіць сотні пытанняў, якія тычацца прызыву. Мы не можам пакінуць такіх людзей без дапамогі». Такая дапамога будзе карыснай для любога прызыўніка, ўлічваючы ступень закрытасці органаў, якія адказваюць за прызыў. Актывісты лічаць, што павінен быць усталяваны грамадскі кантроль у сферы прызыву.

Чаму ў нашых хлопцаў існуе запыт на такі від службы? «Усё ж такі па сваёй сутнасці ў беларусаў існуюць пытанні: ісці ў войска ці не ісці. Напрыклад, сярод вясковых хлопцаў – нармальна пайсці ў войска. Але сярод людзей з Мінскай і абласных гарадоў пытанне стаіць па-іншаму», – апавядае Міхась Пашкевіч.

Чытаць далей

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства