Брэсцкім студэнтам паабяцалі вырашыць іх праблемы ў наступным годзе
Кіраўніцтва Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна адказала на калектыўны зварот студэнтаў, якія прасілі разабрацца з сітуацыяй па выплаце кампенсацыі за наймальнае жыллё тым, каму не хапае месца ў інтэрнатах.
Амаль тысячу сабраных сярод студэнтаў подпісаў ініцыятары звароту передалі ў Брэсцкі гарвыканкам, бо праблема недахопу месцаў у студэнцкіх інтэрнатах даўно ўжо набыла актуальнасць у горадзе. Аднак мясцовыя ўлады не сталі самастойна разбірацца ў праблеме і перадалі зварот кіраўніцтву адной з вышэйшых навучальных устаноў. З адказа рэктара БрДУ імя Пушкіна Мячэслава Часноўскага вынікае, што студэнтам варта пачакаць да 2013 года, калі будуць пабудаваныя два інтэрнаты. Прычым адзін з іх мяркуецца ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ напрыканцы гэтага года.
Што да выкладзенай у калектыўным звароце праблемы, якая тычыцца кампенсацыі за наймальнае жыллё, дык рэктар Часноўскі прызнае, што працэдура атрымання грошай недасканалая, таму кіраўніцтва навучальнай установы ўжо звярнулася ў Міністэрства адукацыі аб змяненні механізму атрымання студэнтамі гэтай кампенсацыі.