Канстытуцыйны суд для Савету Міністраў не аўтарытэт
Пачынаючы ад 17 ліпеня 2009 года, рашэнне Канстытуцыйнага суда аб унясеннях зменаў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс не зроблена. У адказе, які атрымаў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, Канстытуцыйны суд пазначыў, што тэрміны для ўнясення гэтых зменаў і дапаўненняў у нарматыўныя акты ў парадку рэалізацыі прапановаў, які змяшчаюцца ў рашэннях Канстытуцыйнага суда, заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не ўстаноўлены.
Гэтым карыстаецца Савет Міністраў і не спяшаецца ўносіць дапаўненні ў арт. 14 Працоўнага кодэкса, паводле якіх узрост і месца жыхарства з’яўляецца дыскрымінацыйнымі прыкметамі.
У той жа самы час гэтыя дапаўненні прыняты ў Закон “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”.
Неўнясенне дапаўненняў у Працоўны кодэкс стварае юрыдычную блытаніну і не дае магчымасці людзям адстойваць свае правы, калі яны сутыкаюцца з дыскрымінацыяй па ўзросту і месцы жыхарства.
Акрамя таго, у адказе з Канстытуцыйнага суду за подпісам першага намесніка начальніка сакратарыята спадара Селядзеўскага напісана, што Канстытуцыйны суд не мае права ўмешвацца ў дзейнасць судовых органаў пры разглядзе канкрэтных справаў і даваць ім нейкія ўказанні.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што Ленінскі раённы суд падчас працэсу Васіля Ліпскага, які разлядаў ягоны пазоў з нагоды дыскрымінацыі па ўзросту пры прыёме на працу, не ўлічыў той факт, што рашэнне Канстытуцыйнага суду аб унясенні дапаўненняў у Працоўны кодэкс з нагоды дыскрымінацыі па ўзросту і месцу жыхарства былі прынятыя амаль тры гады назад.
“Канстытуцыйны суд фактычна прызнаў сваю імпатэнтнасць. Заканадаўцы, пазбавіўшы Канстытуцыйны суд права караць за невыкананне сваіх рашэнняў, ператварылі яго ў падабенства дарадчага органа, рашэнні якога не абавязковыя для выканання”, - гаворыць Барыс Бухель.