Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў звярнула ўвагу на сітуацыю на “Граніце”
Генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП) Шаран Бароў ад імя 175 мільёнаў працоўных, аб'яднаных у 305 нацыянальных прафсаюзных цэнтры, якія дзейнічаюць у 151 краіне і тэрыторыі, звярнулася да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з парушэннямі правоў незалежнага прафсаюза на РУВП "Граніт" г. Мікашэвічы, паведамляе сайт Беларускага Кангрэсу Дэмакратычных Прафсаюзаў.
МКП патрабуе:
- Спыніць і ўсталяваць пакаранне за ўціск прафсаюзаў і іх дыскрымінацыю;
- Стварыць умовы, пры якіх свабода аб'яднання ў Беларусі ў поўным аб'ёме павінна гарантавацца законамі і на практыцы;
- Змяніць фармулёўкі ў законах, якія не адпавядаюць міжнародным працоўным нормам і правам працоўных на арганізацыю сваёй дзейнасці і праграм свабодна і без ўмяшання ўладаў;
- Выканаць рэкамендацыі Камісіі па расследаванні і прыняты урадам План дзеянняў.
У якасці першага кроку ў гэтым кірунку, і канкрэтна ў выпадку з РУВП "Граніт", МКП патрабуе ад урада Беларусі, каб:
- Алег Стахаевич і Людміла Ліцвінка былі адноўленыя на сваіх працоўных месцах;
- Ізноў створаны прафсаюз на РУВП "Граніт" быў прызнаны і мог функцыянаваць без усялякага ўмяшання ў ягоныя справы;
- Работнікі прадпрыемства маглі свабодна ўступаць у арганізацыі па свайму выбару.
У лісце Шаран Бароў паведамляецца, што МКП будзе ажыццяўляць кантроль над сітуацыяй з правамі работнікаў і іх прафсаюзаў на РУВП "Граніт" і ў цэлым у Рэспубліцы Беларусь. МКП разгледзіць магчымасць інфармавання Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) і Еўрасаюза аб апошніх падзеях.
МКП падтрымлівае і выказвае шырокую салідарнасць з незалежнымі прафсаюзамі і працоўнымі Беларусі ў барацьбе за свабодную рэалізацыю іх фундаментальных правоў.