Брэсцкія ўлады праігнаравалі патрабаванне жыхароў горада ліквідаваць прычыны смуроду (дакумент)
Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці, што арганізавалі ў абласным цэнтры збор подпісаў наконт праблемы дрэнных пахаў, якая турбуе жыхароў многіх мікрараёнаў Брэста, атрымалі 22 лютага адказ ад гарадскіх уладаў на свой калектыўны зварот.
Як нагадала адна з ініцыятараў збору подпісаў Ганна Канюс (на фота), у
звароце, які падтрымалі больш за тысячу чалавек, са спасылкай на закон “Аб
санітарна-гігіенічным дабрабыце насельніцтва” выказвалася просьба распрацаваць
мерапрыемствы, скіраваныя на папярэджанне, памяншэнне і ліквідацыю адмоўнага
ўздзеяння смуроду на здароўе грамадзян. Акрамя таго, у звароце актывісты
ўздымалі іншыя праблемы, звязаныя з санітарна-гігіенічным станам тэрыторыі
горада, якія выявіліся падчас збору подпісаў.
"У сваім адказе чыноўнікі паведамляюць аб праведзенай праверцы па ўзнятых
лакальных пытаннях і заяўляюць, што парушэнняў не выяўлена, - распавяла Ганна
Канюс. - Пры гэтым у лісце ні слова не гаворыцца пра самую галоўную нагоду для
збору подпісаў: чаму непрыемны пах ужо не першы год рэгулярна запаўняе кватэры
і хаты жыхароў Брэста і як улады збіраюцца вырашаць гэтую праблему?”.
Ганна Канюс падкрэсліла, што такі адказ не адпавядае закону “Аб
зваротах грамадзян”, які абавязвае ўлады прыняць меры для ўсебаковага,
аб'ектыўнага і своечасовага разгляду зваротаў. Таму актывісты маюць намер
абскардзіць адказ гарвыканкама ў вышэйшых інстанцыях.
Нагадаем таксама, што раней брэсцкія ўлады забаранілі шэраг пікетаў,
прысвечаных праблеме смуроду ў горадзе,
на якіх планавалася выказаць пратэст у сувязі з бяздзейнасцю чыноўнікаў у гэтым
пытанні.