Судовы працэс па касацыйнай скарзе Міколы Чарнавуса адбудзецца 29 лютага
Грамадскі актывіст Мікола Чарнавус з Баранавічаў атрымаў з Брэсцкага абласнога суда паведамленне, што судовы працэс па ягонай касацыйнай скарзе адбудзецца ў абласным судзе 29-га лютага ў 11 гадзін раніцы. Актывіст па тэлефоне запрасіў прысутнічаць у судзе консула Ўкраіны ў Брэсце Івана Баранчыка. Консул падзякаваў за запрашэнне і паведаміў, што, на жаль, прысутнічаць не можа, таму што баранавіцкія гарадскія ўлады запрасілі яго на сустрэчу якраз у гэты дзень, на 29 лютага.
Мікола Чарнавус абскарджвае рашэнне суда горада Баранавічы, згодна з якім ён быў пакараны штрафам у дзве базавыя велічыні нібыта за самаўпраўства пры стварэнні грамадскага аб’яднання. Правапарушэннем было прызнана тое, што свае заявы ў гарвыканкам наконт выдзялення ўкраінскай дыяспары памяшкання для рэгістрацыі грамадскага аб’яднання “Кабзар” ён падпісваў як старшыня арганізацыі, якім ён быў абраны на ўстаноўчым сходзе. Паколькі “Кабзар” пакуль не прайшоў дзяржрэгістрацыі, такі подпіс чыноўнікі палічылі самаўпраўствам.