Берасьцейская міліцыя просіць прабачэньня ў сацыял-дэмакратаў
Кіраўніца Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганна Канюс атрымала ліст зь Ленінскага РАУС Берасьця.
Як паведамляе Радыё Свабода, у лісьце, падпісаным начальнікам РАУС Юрыем Карпінчыкам, распавядаецца пра абставіны затрыманьня 21 жніўня вялікай групы сацыял-дэмакратаў, якія ехалі ў бок беларуска-ўкраінскай мяжы. Паводле спадара Карпінчыка, падставай для затрыманьня сталіся зьвесткі невядомага грамадзяніна, што ў аўтобусе, які перавозіў партыйных актывістаў, знаходзяцца наркатычныя рэчывы. Пасьля агляду аўтобуса і асабістых рэчаў сацыял-дэмакратаў гэтая інфармацыя не пацьвердзілася, але ў пастарунку сябры партыі правялі больш за тры гадзіны.
Начальнік Ленінскага РАУС просіць прабачэньня ў актывістаў Грамады за гэты выпадак, а таксама разуменьня сытуацыі, бо "супрацоўнікі міліцыі выконвалі свае службовыя абавязкі".