Гарадзенская пракуратура папярэдзіла журналіста Алеся Дзянісава
Гарадзенская абласная пракуратура вынесла сёння, 21 студзеня, афіцыйнае папярэджанне незалежнаму журналісту Алесю Дзянісаву, які вядамы ў горадзе над Нёманам таксама як рок-музыка. Гутарку з Дзянісавым вёў намеснік начальніка аддзелу пракуратуры Гарадзенскай вобласці Валеры Павядайка. Фармальнай падставай такога рэагавання афіцыйнага органа стаў рэпартаж пра Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Свіслачы, які прайшоў у канцы кастрычніка мінулага году. Пракуратура папярэдзіла Дзянісава за журналісцкую працу без акрэдытацыі. Нібыта ў матэрыяле тэлеканалу “Белсат” былі выкарыстаны кадры, якія зняў Алесь Дзянісаў. Журналіст заявіў прадстаўніку пракуратуры, што такое папярэджанне не мае ніякіх падставаў, паколькі з’яўляецца бяздоказным.
Нагадаем, што раней незалежны журналіст Алесь Дзянісаў ужо папярэджваўся пасля затрымання ў 2009 годзе на шклозаводзе “Нёман”, а таксама быў аштрафаваны за здымкі ў сярэдняй школе №28. Калі зараз ён атрымае паўторнае папярэджанне цягам году, яму пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў.