viasna on patreon

Журналістку БелаПАН Алену Германовіч не дапусцілі на семінар па пытаннях узаемадзеяння ўлады і бізнесу

2012 2012-02-21T15:33:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/germanovich-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 лютага ў Гомелі праходзіць семінар па пытаннях ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці з удзелам старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона, Генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, старшыні аблвыканкама Уладзіміра Дворніка, прадстаўнікоў структур улады і бізнесу. На семінары «Узаемадзеянне бізнесу і ўлады: стымуляванне дзелавой актыўнасці і папярэджанне правапарушэнняў» будуць агучаны вынікі Году прадпрымальнасці, змены ў падатковае заканадаўства, парадак фарміравання арэнднай платы, будуць абмяркоўвацца праблемы, якія зараз існуюць ў прадстаўнікоў бізнесу, і шляхі іх вырашэння.

Мерапрыемства, якое праходзіць у адкрытым фармаце, асвятляюць шэраг журналістаў. Толькі, як аказалася, не ўсе журналісты маюць права там прысутнічаць. У прыватнасці, на семінар не дапусцілі карэспандэнта БелаПАН Алену Германовіч. «Калі я прыйшла за чвэрць гадзіны да пачатку мерапрыемства, то бок у 11.45, то ў холе бізнес-цэнтру адміністрацыі СЭЗ «Гомель-Ратон» ужо прысутнічалі журналісты дзяржаўных выданняў – газет і тэлеканалаў. У прыватнасці, там былі прадстаўнікі «СТБ», «АНТ», мясцовага «ГТ», і газеты «Гомельская праўда». У гэты час да мяне падышла супрацоўніца ўпраўлення ідэалогіі аблвыканкаму Вольга Рабікава і прапанавала пакінуць памяшканне, маўляў, для прысутнасці на семінары патрэбна адмысловае запрашэнне, акрэдытацыя, і, па словах супрацоўніцы ідэалогіі, толькі пяць выданняў прайшлі гэтую строгую акрэдытацыю, і нават некаторым дзяржаўным выданням было адмоўлена ў прысутнасці на семінары», - патлумачыла Алена Германовіч.

Словы карэспандэнта аб тым, што журналіст, у адпаведнасці з заканадаўствам, мае права атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, прысутнічаць на мерапрыемствах, не аказалі на супрацоўніцу ідэалогіі ніякага ўплыву, яна настойвала, каб прадстаўнік незалежнага СМІ пакінула памяшканне.

«Не першы раз у гісторыі маёй працы ў Гомелі здараюцца такія прыкрыя выпадкі, калі прадстаўнікі ўлады - ідэалогіі, міліцыі - ствараюць перашкоды маёй прафесійнай дзейнасці. Напрыклад, прыходзіш на абсалютна адкрытае мерапрыемства, а цябе просяць: «Асадзі назад!», прычым журналісты дзяржаўных СМІ не сутыкаюцца з такімі перашкодамі і спакойна працуюць. Відавочна дыферэнцыраваныя адносіны ідэолагаў і раздзяленне журналістаў па прынцыпу «свае-чужыя», і асаблівае, нават нейкае нервовае стаўленне да незалежных журналістаў», - адзначае карэспандэнт.

Падчас маўклівых акцый улетку 2011 года Алена Германовіч была беспадстаўна затрымана міліцыяй. Пазней пракуратура прызнала, што міліцыянеры, якія затрымлівалі журналістку, не мелі на тое законных падстаў, і яны былі пакараны – прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства