viasna on patreon

Ці адпавядае беларускі ПВКаАП міжнародна-прававым актам?

2012 2012-02-21T12:38:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ks-rb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца Сяргей Усцінаў накіраваў у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь зварот з патрабаваннем разгледзець адпаведнасць палажэнняў Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях захаванню права на справядлівае судовае разбіральніцтва.

“Я ўвесь час сачу за разглядам спраў аб адміністратыўных правапарушэннях, як у раённых судах, так і ў так званай касацыйнай інстанцыі - Менскім гарадскім судзе. Мноства спраў развалілася б, калі б вышэйстаячы суд меў паўнамоцтвы на перагляд адміністратыўных спраў па сутнасці. Аднак артыкул 12.8 ПВКаАП ускладае на суддзю толькі праверку законнасці і абгрунтаванасці вынесенай раней пастановы і не закранае перагляд самой справы, што не адказвае крытэрам справядлівага судовага разгляду ў адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права. Такім чынам, нават калі асоба, якая прысутнічае пры разглядзе скаргі, далучыла дадатковыя матэрыялы ў абгрунтаванне сваіх довадаў, суд не даследуе іх, бо не мае на гэта паўнамоцтваў”, - матывуе свой зварот у Канстытуцыйны Суд Сяргей Усцінаў.

Праваабаронца сцвярджае, што пры разглядзе скаргаў на пастановы па адміністратыўных справах неабходна, каб ПВКаАП даваў суду права апытваць сведак, даследаваць дадатковыя матэрыялы справы і ацэньваць гэтыя доказы:

“У зусім кепскім становішчы апынуліся асобы, у адносiнах да якiх прыменена адміністратыўнае затрыманне, бо да суду яны знаходзяцца пад арыштам і не могуць, напрыклад, знайсці сведак абароны і здабыць іншыя доказы сваёй невінаватасці. А вышэйстаячы суд не ўпаўнаважаны апытваць сведак абароны і ацэньваць дадатковыя доказы, уключаныя ў матэрыялах справы, што з'яўляецца яшчэ і грубым парушэннем права на абарону”.

Таму Сяргей Усцінаў патрабуе ад Канстытуцыйнага Суда разгледзець пытанне аб адпаведнасці артыкула 12.8 ПВКаАП Рэспублікі Беларусь артыкулу 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзе і замацавана права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Менавіта Канстытуцыйны Суд упаўнаважаны рабіць заключэнне пра адпаведнасць законаў Рэспублікі Беларусь міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, а таксама ўносіць прапановы пра ўнясенне змяненняў у акты дзеючага заканадаўства. Гэтага і плануе дамагацца праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства