Сёння – Міжнародны дзень роднай мовы
У трынаццаты раз сёлета адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў па пытаннях адукацыі, навукі і культуры ў лістападзе 1999-га году. Упершыню ён святкаваўся 21 лютага 2000-га ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы.
Гісторыя гэтага Міжнароднага дня мае трагічны пачатак. Дата яго правядзення была абраная ў знак памяці падзеяў 21 лютага 1952 году. У гэты дзень у горадзе Дака – сталіцы цяперашняй дзяржавы Бангладэш - падчас разгону студэнцкай дэманстрацыі ад куляў паліцэйскіх загінулі пяцёра студэнтаў. Студэнты выйшлі на вуліцы з патрабаваннем надаць іх роднай бенгальскай мове статус дзяржаўнай. У тагачасным Усходнім Пакістане ўзнік цэлы палітычны Рух за дзяржаўны статус бенгальскай мовы. Справа ў тым, што пасля сыходу з паўвострава Індастан англічанаў у 1947 годзе была ўтворана дзяржава – Пакістан, якая складалася з дзвюх частак, аддаленых адна ад другой на 1 600 кіламетраў. Гэтыя рэгіёны рэзка адрозніваліся і культураю і моваю: у Заходнім Пакістане пераважала мова урду, а ва Усходнім – бенгальская мова. Аднак у 1948 годзе ўрад Пакістану абвясціў урду адзінай дзяржаўнаю моваю на ўсёй тэрыторыі Пакістану. Гэтае рашэнне выклікала незадаволенасць большасці насельніцтва ўсходняй часткі краіны. Аднак урад не толькі не ўлічыў патрабаванняў усходніх правінцыяў, але і забараніў дэманстрацыі ў падтрымку бенгальскай мовы.
Трагічная гібель студэнтаў у горадзе Дака прывяла да масавых пратэстаў. Супраціў узначаліла левацэнтрысцкая партыя Авамі Ліг, якая заваявала масавую народную падтрымку ва Усходнім Пакістане. Дзякуючы моцнай хвалі супраціву, бенгальская мова нарэшце атрымала статус дзяржаўнай - у 1956 годзе. Рух за дзяржаўны статус бенгальскай мовы прывёў да росту самасвядомасці бенгальскага народу. І пасля нацыянальна-вызваленчай вайны ў 1971 годзе Усходні Пакістан стаў самастойнай дзяржавай – Бангладэш. 21 лютага ў Бангладэш адзначаецца як нацыянальнае свята – Дзень роднай мовы. У памяць пра загінулых студэнтаў у горадзе Дака ўсталяваны помнік. А гэты дзень сімвалізуе правы нацыянальных меншасцяў на прызнанне сваёй мовы.
ЮНЕСКА абвясціла Міжнародны дзень роднай мовы, каб садзейнічаць моўнай і культурнай разнастайнасці, шматмоўю.
Як адзначаецца ў пасланні знагоды гэтага дня Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Ірыны Багданавай, “моўная разнастайнасць з'яўляецца нашай агульнай спадчынай. Гэта крохкая спадчына. З больш чым 6 000 гутарковых моваў ва ўсім свеце амаль палова можа знікнуць да канца стагоддзя. Падрыхтаваны ЮНЭСКА Атлас моваў, якія ў свеце знаходзяцца пад пагрозай знікнення, дазваляе атрымаць уяўленне пра становішча ў гэтай галіне. Страта адной з моваў вядзе да збяднення чалавецтва. Гэта - крок назад у абароне правоў кожнага чалавека на выказванне сваіх меркаванняў, на навучанне і зносіны”.
Паводле статыстыкі міжнароднай арганізацыі, на 96% моваў свету размаўляюць усяго толькі 4% насельніцтва планеты.
Трынаццатае па ліку правядзенне Міжнароднага дня роднай мовы ЮНЕСКА прысвяціла шматмоўю ў інтарэсах інклюзіўнай адукацыі.
“Праца даследчыкаў і вынікі палітыкі аказання падтрымкі шматмоўю пацвярджаюць тое, што людзі разумеюць інтуітыўна: моўная разнастайнасць паскарае дасягненне мэтаў у галіне развіцця, сфармуляваных у Дэкларацыі тысячагоддзя, у прыватнасці мэтаў адукацыі для ўсіх. Выкарыстанне роднай мовы ў школе з'яўляецца магутным сродкам барацьбы з непісьменнасцю. Аднак увасобіць гэтую праўду ў вучэбную рэальнасць - гэта складаная задача”, - гаворыцца ў пасланні.
Пры гэтым падкрэсліваецца, што забеспячэнне роўнасці і сацыяльнай інтэграцыі ў сучасным грамадстве залежыць ад забеспячэння людзям магчымасці навучання на роднай мове з самага ранняга ўзросту, а затым ужо і на іншых мовах.
Жыццяздольнасць моваў залежыць ад усіх, хто на іх гаворыць і мабілізуе свае намаганні для іх абароны. ЮНЕСКА аддае належнае гэтым намаганням і сочыць за тым, каб іх голас быў пачуты ў інтарэсах распрацоўкі палітыкі, якая тычыцца адукацыі, развіцця і забеспячэння сацыяльнай згуртаванасці.