Бел-чырвона-белы сцяг у Віцебску – на знак салідарнасці з палітзняволенымі (фота)
Моладзевыя актывісты вывесілі нацыянальны сцяг над шашой, якая злучае мікрараёны “Лучоса” і “Маркаўшчына”. Хлопцы кажуць, што паспрабуюць рабіць гэта рэгулярна – на знак салідарнасці з усімі беларускімі палітвязнямі, і ў прыватнасці з Сяргеем Каваленкам, якога 21 лютага чакае суд паводле крымінальнага абвінавачання.
Сцяг лунаў каля гадзіны, пакуль яго не знялі. Ад пачатку месяца гэта ўжо трэці сцяг, узняты актывістамі на знак салідарнасці з тымі, каго ўтрымліваюць у беларускіх турмах паводле палітычных перакананняў.
Так, 8 лютага бел-чырвона-белы сцяг вывесілі актывісты “Маладой Беларусі” Тарас і Алег Сурганы. Яны не хаваюць сваіх прозвішчаў і не імкнуцца пазбегнуць адказнасці за свой учынак: адкрыта гавораць, што зрабілі гэта на знак падтрымкі Сяргея Каваленкі ды іншых палітвязняў.
10 лютага бел-чырвона-белы сцяг быў вывешаны на даху дома па Маскоўскім праспекце, дзе жыве Сяргей Каваленка. Паводле аднапартыйцыў зняволенага сябра КХП БНФ, да сцяга была прычэплена цыдулка: «Гані быкоў! Вярнецца воля! Слава героям! Слава Беларусі! Ясь — сын Мірона».
21 лютага ў Першамайскім
райсудзе Віцебску распачнецца суд над Сяргеем Каваленкам, якога вінавацяць у
парушэнні рэжыму адбывання «хатняй хіміі» — умоўнага пакарання, прысуджанага
яму за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 году на гарадской
навагодняй елцы ў цэнтры Віцебску.
Сябру КХП БНФ пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Але крымінальнае
абвінавачанне ён лічыць помстай за сваю грамадскую дзейнасць, і таму 19 снежня
распачаў галадоўку на знак пратэсту, якую трымае і дагэтуль.