viasna on patreon

Брытанская асацыяцыя адвакатаў заклікае ўлады Беларусі вырашыць праблему з пашпартам Алега Волчака

2012 2012-02-14T12:02:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Брытанская асацыяцыя адвакатаў-сацыялістаў звярнулася да ўлад Беларусі з патрабаваннем вярнуць пашпарт праваабаронцу Алегу Волчаку.

Зварот падпісаны старшынёй асацыяцыі Ліз Дэвіс і накіраваны прэзідэнту Беларусі, кіраўніку яго адміністрацыі, міністру ўнутраных спраў, генеральнаму пракурору, міністру юстыцыі, старшыні Вярхоўнага суда, а таксама ў пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі.

Нагадаем, былы следчы пракуратуры, кіраўнік грамадскага аб'яднання "Прававая дапамога насельніцтву" (Кіеў) Алег Волчак быў затрыманы ў Мінску 27 студзеня. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве і асудзілі на чацвёра сутак адміністрацыйнага арышту. Як паведаміў Волчак БелаПАН, падчас арышту з яго кватэры знік пашпарт. "Падчас затрымання ў мяне забралі ў тым ліку і ключы ад кватэры. Таму я падазраю, што супрацоўнікі міліцыі спецыяльна забралі мой пашпарт, каб я не мог ездзіць на праваабарончыя канферэнцыі. Гэта толькі здагадка, пацвердзіць яе я не магу. І я дагэтуль не ведаю, дзе знаходзіцца мой пашпарт", — расказаў праваабаронца.

У сваім звароце брытанская асацыяцыя адвакатаў-сацыялістаў адзначае, што Волчак афіцыйна запрошаны ўзяць удзел у міжнароднай канферэнцыі, якая пройдзе ў Лондане ў другой палове лютага. У адпаведнасці з пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны чалавек мае права выязджаць з любой краіны, уключаючы сваю ўласную, адзначаюць аўтары ліста.

"Калі беларускія ўлады забралі і ўтрымліваюць пашпарт спадара Волчака, арганізацыя адвакатаў-сацыялістаў ставіць пад пытанне правамернасць такіх дзеянняў. Мы разумеем, што пошук пашпарта спадара Волчака можа быць працяглым працэсам, таму заклікаем беларускія ўлады вярнуць пашпарт у тэрміновым парадку, калі ён знаходзіцца ў іх, ці, калі гэта не так, выдаць спадару Волчаку новы пашпарт у тэрміновым парадку, каб забяспечыць яго яўку на канферэнцыю ў Лондане, дзе яго ўдзел ужо заяўлены", — сказана ў звароце.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства