У Магілёве запалохваюць людзей, каб зменшыць колькасць зваротаў
Пра гэта паведамляе грамадскі
актывіст Аляксей Паўлоўскі.
“Некалькі месяцаў таму я пісаў ліст на імя кіраўніка гораду Станіслава
Барадаўкі з патрабаваннем добраўпарадкаваць падыход да паліклінікі №7, -
гаворыць Аляксей Паўлоўскі. - Людзі ідуць ад прыпынку грамадскага транспарту
тралейбусу №2 спатыкаючыся і па бруду. Быў вядомы выпадак, калі супрацоўніца
гэтай паліклінікі павалілася і зламала сабе руку”.
Аляксей адзначае, што кіраўнік гораду ў тэлефоннай размове падчас прамой лініі
сказаў, што не трэба людзям увогуле хадзіць праз гэты прыпынак – хай абыходзяць.
“Пад маім зваротам падпісалася болей за сто чалавек, але, як мне паведамілі
медыкі, якія падпісаліся, іх усіх выклікаў галоўны лекар паліклінікі спадар
Зарубайка і ў грубай форме пагражаў ім за тое, што яны зрабілі. Я лічу, што
праз пагрозы нашых мясцовых чыноўнікаў у людзей адбіваюць ахвоту адстойваць
свае правы”, - адзначае Аляксей Паўлоўскі.