viasna on patreon

Нягледзячы на папярэднюю дамоўленасьць, адміністрацыя канцэртнай залы "Мінск" адмовіла арганізатарам гістарычнага канцэрту, прысьвечанага гадавіне Аршанскай бітвы.

2006 2006-09-08T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

8 верасьня - Дзень беларускай вайсковай славы. У гэты дзень амаль пяцьсот год таму, у 1514 годзе, 30-тысячнае войска пад камандаю гетмана Вялікага княства Літоўскага Канстанціна Астроскага перамагло больш як 80-тысячнае маскоўскае войска.
Менавіта гэтай падзеі прысьвечаны канцэрт з серыі "Легенды Вялікага княства". Планавалася, што імпрэза адбудзецца ў памяшканьні канцэртнай залы "Мінск", аднак напярэдадні арганізатарам адмовілі. "Легенды Вялікага княства" перанесьлі на малую сцэну канцэртнай залі "Менск" пасьля таго, як у арэндзе памяшканьня арганізатарам адмовіла адміністрацыя Тэатра эстрады. За кароткі тэрмін была прададзена большая частка квіткоў, але за дзень да пачатку імпрэзу забаранілі і ў "Менску". Канцэрты адменены, нібыта з тае прычыны, што прамок дах і намачыў залю. Адміністрацыя гэтага не пацьвердзіла і не абвергла.
Афіцыйную вэрсію забароны пракамэнтавала Радыё Свабодзе арганізатарка сьвята Арына Вячорка: "На маю думку, лепш, калі гэта будзе абектыўная прычына. Бо ўжо гэтымі рознымі паразамі і забаронамі ўсе сытыя па горла. Ня гэтая б прычына, дык знайшлася б іншая. А гэта добрая абектыўная прычына. Будзем лічыць, што нас ад гэтага ўсяго перасьцераглі".
Паводле спадарыні Вячоркі, аматары старажытнай музыкі й сьпеваў, якія набылі квіткі, мусяць іх вяртаць у касы. Канцэрт адбудзецца, але часткова. Бо ў сядзібе БНФ, куды ён перанесены, ня здолеюць выступіць такія калектывы, як "P.L.A.N.", "Стары Ольса" і іншыя.
Сьвята беларускай бардаўскай песьні адбудзецца таксама пад Воршай, на месцы старажытнай бітвы каля ракі Крапівенка. Фэстываль упершыню прайшоў у 1991 годзе, але зараз гэта ўжо і сьвята беларускай паэзіі таксама. Адзін з каардынатараў праекту Юрка Копцік кажа, што ў адрозьненьне ад Менску, арганізатарам ня трэба дазвол аршанскіх уладаў на правядзеньне фэсту, бо ён праходзіць на вольным паветры па-за горадам. Не зважаючы на аддаленасьць, штогод на фэстывалі ў гонар Аршанскай бітвы бывае да паўтысячы ўдзельнікаў.
Адкрыты фэстываль беларускай бардаўскай песьні і паэзіі распачнецца а 19-й гадзіне ў суботу 9 верасьня і будзе доўжыцца усю ноч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства