Тры актывісты "Еўрапейскай Беларусі" затрыманыя ў Дзяржынску (абноўлена)
Сёньня каля 13.30 у Дзяржынску былі затрыманыя тры актывісты "Еўрапейскай Беларусі" Аляксандр Тарнагурскі, Анатоль Жулетнікаў і Ўладзімер Дзенісевіч. Маладыя людзі спрабавалі вывесіць расьцяжку з тэкстам "Свабоду Бяляцкаму!", але былі спыненыя супрацоўнікамі ДАІ. Як паведамілі праваабаронцам сьведкі, праз нейкі час на месца падзей пад'ехалі міліцыянты, якія пры затрыманьні ўжылі фізычную сілу ў дачыненьні да Ўладзімера Дзенісевіча - павалілі яго на зямлю і нанесьлі некалькі ўдараў. Таксама ўсім затрыманым адразу забаранілі карыстацца тэлефоннай сувязьзю.
Актывістаў даставілі ў РУУС Дзяржынскага раёна і горада Дзяржынска, дзе склалі пратаколы апытаньня, сканфіскавалі расьцяжку і вызвалілі. Аднак, супрацоўнікі міліцыі паведамілі пра накіраваньне пазьней іх справы ў суд, таму ў бліжэйшы час маладыя людзі чакаюць позвы.