Пасол ЗША ў АБСЕ: Мы зноў заклікаем Беларусь неадкладна вызваліць палітвязняў
"Злучаныя Штаты па-ранейшаму адчуваюць глыбокую заклапочанасць з нагоды сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі", - заявіў амбасадар ЗША ў АБСЕ Ен Кэлі 9 лютага на пасяджэнні Пастаяннага савета ў Вене.
Дыпламат таксама звярнуў увагу Пастаяннага савета на ацэнку
падзеяў 19 снежня 2010 года ў Мінску "з пункту гледжання правоў
чалавека".
Гэтую ацэнку зрабіў Ніл Джарман, спецыяльны дакладчык, прызначаны Камітэтам
міжнароднага кантролю за становішчам у галіне правоў чалавека ў Беларусі. Яму
дапамагала група экспертаў па пытаннях свабоды сходаў і мер у адказ паліцыі з
краін АБСЕ.
У дакладзе сцвярджаецца, што з улікам ўзроўню прымянення сілы супраць людзей,
якія праводзілі мірную дэманстрацыю на плошчы Незалежнасці, было цалкам слушна
чакаць, што ўлады зоймуцца расследаваннем абвінавачванняў у дачыненні да
дзеянняў паліцыі.
Акрамя таго, у аналізе судовых працэсаў і крымінальных справаў падкрэсліваецца
заклапочанасць з нагоды шэрагу парушэнняў правоў чалавека і нежадання ўрада
Беларусі выконваць свае абавязацельствы ў рамках Міжнароднага пакта аб
грамадзянскіх і палітычных правах. Падобным жа чынам улады адмаўляюцца
расследаваць цэлы шэраг скаргаў на дрэннае абыходжанне з затрыманымі і
прымяненне да іх фізічнага гвалту, адзначаецца ў дакладзе.
"Урад Беларусі апраўдвае дзеянні сваёй паліцыі 19 снежня 2010 г. як
неабходную рэакцыю на напад на Дом урада з ужываннем гвалту, але ні адзін з
дэманстрантаў, асуджаных па слядах гэтых падзей, не быў абвінавачаны ў
якіх-небудзь актах гвалту ў той дзень. Каля паловы асоб, абвінавачаных або
прызнаных вінаватымі ў сувязі з падзеямі 19 снежня, належалі да палітычнай
апазіцыі Лукашэнкі.
Затрыманні і судовы пераслед разам з цкаваннем прадстаўнікоў беларускай
грамадзянскай супольнасці ў сукупнасці прадстаўляюцца спробай задушыць
палітычную апазіцыю і не дапусціць далейшых акцый пратэсту супраць урада.
Мы таксама заклікаем урад Беларусі ўважліва вывучыць высновы спецыяльнага
дакладчыка і, у святле Дакладу дакладчыка па Маскоўскім механізму АБСЕ, і
Дакладу БДІПЧ АБСЕ па маніторынгу судовых працэсаў у Беларусі, прыняць належныя
меры да ажыццяўлення адпаведных рэкамендацый.
Мы зноў заклікаем Беларусь неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных
зняволеных, цалкам аднавіць іх у правах, дазволіць ім прымаць паўнавартасны
ўдзел у палітычным жыцці і спыніць пераслед палітычных актывістаў,
прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў", -
сказаў Ен Кэлі.