У Магілёве дабіваюцца публічных сесій дэпутатаў
Актывісты “Гавары праўду!” хочуць прысутнічаць на
іх, каб задаваць пытанні дэпутатам гарсавету і атрымліваць на іх адказы. З
гэтай мэтай яны накіравалі ліст старшыні Магілёўскага гарадскога Савету
дэпутатаў Фёдару Міхеенку, у якім просяць уведаміць аб наступным такім
пасяджэнні і дазволіць на ім прысутнічаць.
- Мы звяртаемся ў гарсавет з такой просьбай паўторна, бо
мінулы раз Фёдар Міхеенка прапанаваў нам азнаёміцца з датамі пачатку сесіі
дэпутатаў праз мясцовыя СМІ. Паводле яго адказу, прысутнічаць на такім
пасяджэнні мы здолеем, калі дэпутаты на пачатку чарговага пасяджэння
прагаласуюць за гэта. Калі яны не падтрымаюць нашую ініцыятыву прысутнічаць,
значыць мы будзем вымушаны пакінуць залу, - гаворыць Аксана Закрэўская.
Аксана адзначае, што такі адказ з’яўляецца парушэннем рэгламенту гарсавета, бо
каб прысутнічаць на любым пасяджэнні асобе ці групе асобаў дастаткова проста
загадзя ўведаміць пра гэта старшыню гарадскога Савета дэпутатаў.
- Толькі ў выпадку дастатковых падставаў гарсавет можа
паставіць пытанне на галасаванне аб забароне прысутнічаць на пасяджэнні. Я
лічу, што гэты рэгламент супярэчыць арт.34 Канстытуцыі Беларусі, у якім
пазначана, што грамадзянам Беларусі гарантуецца права на атрыманне своечасовай
і сапраўднай інфармацыя аб дзейнасці дзяржаўных органаў, - гаворыць актывістка.
Аксана Закрэўская кажа, што ў любым выпадку актывісты кампаніі “Гавары праўду!”
будуць намагацца, каб патрапіць на пасяджэнні гарсавету дэпутатаў і агучыць там
надзённыя для беларусаў пытанні.