viasna on patreon

Бабруйскі настаўнік Алесь Чыгір зьвярнуўся са скаргай у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі, а таксама падрыхтаваў пазоў у суд на гарадзкую ўправу адукацыі за незаконнае звальненьне

2006 2006-09-08T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміла Радыё Свабода, дзяржаўная газэта "Бабруйскае жыцьцё" надрукавала ананімны артыкул "Тэатар аднаго актора". У ім камэнтуюцца падзеі, зьвязаныя з затрыманьнем дэпутата гарсавету Алеся Чыгіра, які правёў акцыю пратэсту супраць свайго звальненьня са школы. Безыменны аўтар абразіў Алеся Чыгіра, а таксама незалежных журналістаў, якія назіралі за пратэстам дэпутата й былі затрыманыя разам з пратэстоўцам. Сярод іншых былі і журналісты газэты "Бабруйскі кур'ер", і вось як пракамэнтаваў публікацыю рэдактар газэты Анатоль Санаценка: "Рэдактар гэнай газэты займае пасаду загадчыка аддзелу гарвыканкаму, і гэта ня першы выпад з боку гэтага выданьня. Паводле іхнага разуменьня, калі мы даем незалежную абектыўную інфармацыю, то мы  жоўтая прэса. Яны не называюць ні імёнаў журналістаў, ні назвы нашай газэты, таму мы ня будзем на гэта рэагаваць. Гэта пытаньне не юрыдычнае, а этычнае і чалавечай маралі".
Анатоль Санаценка паведаміў таксама, што "Бабруйскі курер" надрукаваў хроніку падзеяў вакол затрыманьня Алеся Чыгіра і адпаведныя фотаздымкі, хоць уладныя чыноўнікі спрабавалі гэтаму перашкодзіць. Алесь Чыгір яшчэ ня вырашыў, як будзе рэагаваць на дзяржаўную публікацыю, бо цяпер знаходзіцца ва Ўкраіне на запрашэньне тамтэйшых актывістаў грамадзкага руху. Гэтым разам ягонае месцазнаходжаньне высьвятлялі супрацоўнікі міліцыі, хоць пратакол аб адміністрацыйным арышце разглядае мясцовая пракуратура.
Сам спадар Чыгір мяркуе, што ягоная справа будзе вырашацца на больш высокім узроўні: "Цяпер вельмі цяжка прадказаць разьвіцьцё падзеяў. Бо мне падаецца, што гэтае пытаньне будзе вырашацца не ў Бабруйску і нават не ў Магілёве, а на больш высокім узроўні. І якое рашэньне будзе прынятае, такое яны і будуць выконваць. Бо міліцыянты ўвесь час падкрэсьліваюць, што яны простыя выканаўцы. На вялікі жаль, гэта так".
Дэпутат Бабруйскага гарсавету, настаўнік гісторыі Алесь Чыгір застаўся бяз працы ў сярэдзіне жніўня. На ягоным утрыманьні трое непаўналетніх дзяцей, а таксама жонка, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.
Нагадаем, што 31 жніўня дэпутат Бабруйскага гарсавету, настаўнік гісторыі Алесь Чыгір ланцугамі прывязаўся да слупа блізу будынку гарвыканкаму. Гэтак ён пратэставаў супраць звальненьня са школы за ўдзел у палітычных падзеях падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Разам з ім затрымалі дзесяць журналістаў розных незалежных выданьняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства