Прысуд "Нашай Ніве"
Газета "Наша ніва" павінна выплаціць 5 мільенаў рублеў былому супрацоўніку тэлеканала АНТ Дзянісу Сухавараву ў якасці кампенсацыі маральных стратаў. Такое рашэнне прыняў суд Кастрычніцкага раёна Мінска.
Дзяніс Сухавараў -- той самы журналіст, які спачатку атрымаў узнагароду на конкурсе "Тэлевяршыня" за журналісцкае расследванне "Іграманія", а потым трапіў пад крымінальную справу нібыта за махінацыі з крэдытамі, якія, як сцвярджала следства, спускаў у казіно і на ігравых аўтаматах. Першы суд вынес Сухавараву прыгавор на пяць гадоў з канфіскацыяй, але потым гэты прысуд быў абскарджаны і адменены, а сам Дзяніс Сухавараў -- апраўданы.
За апісанне гэтай гісторыі на момант першага прысуду Сухавараў вырашвў судзіцца адразу з двумя незалежнымі СМІ -- агенцтвам БелаПАН і газетай "Наша ніва", а таксама з журналістам Вячаславам Будкевічам. Тэлежурналіст абурыўся тым, што фігураваў у паведамленнях як “махляр”, у той час як прысуд па яго справе яшчэ не ўступіў у законную сілу.
Цікава, што ў вышэйзгаданых паведамленнях інфармацыя падавалася са спасылкай на пракуратуру Мінска і ГУУС Мінгарвыканкама, але былы журналіст АНТ вырашыў сыскаць маральную шкоду з калег. Ен патрабаваў, каб БелаПАН і “НН” абверглі распаўсюджаныя звесткі, і хацеў агулам спагнаць з іх 50 мільенаў рублёў.
Як паведамляе прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў",
суд адхіліў зыск да БелаПАН і В. Будкевіча, але часткова задаволіў яго ў
дачыненні да “Нашай нівы”, прысудзіўшы ёй кампенсаваць маральныя страты Дзяніса
Сухаварава сумай у 5 мільенаў беларускіх рублёў.
“Я не згодны з рашэннем суда. Не лічу, што газета “Наша Ніва” вінаватая перад
грамадзянінам Сухаваравым, - пракаментаваў вынікі слуханняў галоўны рэдактар
выдання Андрэй Скурко. - Яго гонар, годнасць і дзелавая рэпутацыя больш
пацярпелі ад яго ўласных дзеянняў, чым ад якіх бы то ні было публікацый... На
момант публікацыі інфармацыя пра грамадзяніна Сухаварава рэчаіснасці адпавядала
– яму быў вынесены прысуд. А слова “махляр” пазначала яго працэсуальны статус –
“абвінавачаны ў махлярстве”. Гэта не была маральная ацэнка яго дзеянняў".
Паводле Андрэя Скурко, рэдакцыя яшчэ не атрымала матывацыйнай часткі прысуду –
яе абяцалі даслаць прыкладна праз тыдзень. “Пабачыўшы яе, канчаткова вырашым,
ці будзем аспрэчваць рашэнне суда”, -- заявіў галоўны рэдактар "Нашай
нівы".