На фестывалі кнігі і прэсы экспанавацца мелі магчымасць толькі дзяржаўныя СМІ
Як паведаміла прэс-служба "Беларускай асацыяцыі журналістаў", у рамках Дня беларускай пісьменнасці ў Паставах 3 верасня ладзіўся фестывалі кнігі і прэсы.
Размясціць недзяржаўную газету "Витебский курьер" на стэндзе, дзе выстаўлялася абласная і раённая прэса Віцебскага рэгіёна, Уладзіміру Базану, галоўнаму рэдактару газеты, адмовіў асабіста начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Кузьміч, патлумачыўшы, што гэты кіёск прызначаны выключна для дзяржаўных выданняў.
А згодна з афіцыйнай прамовай кіраўніка Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Андрэйчанкі на фестывалі выходзіла, што ў Віцебскай вобласці выдаюцца больш за 300 газет, у тым ліку 26 дзяржаўных. Паўстае пытанне: дзе ж астатнія 274 недзяржаўныя СМІ?
Знамянальна, што ў адным з тэлевыступаў напярэдадні правядзення Дня беларускай пісьменнасці начальнік упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязей Мінінфармацыі Уладзімір Матусевіч сцвярджаў, што ў мерапрыемстве будуць прымаць удзел усе газеты Віцебскага рэгіёна.