Салігорац Валеры Бараноўскі, які аспрэчваў рашэньне суду, спыніў галадоўку
Улады ніяк не адрэагавалі на дзесяцідзённую акцыя пратэсту, якую праводзіў 56-гадовы жыхар Салігорску супраць суду і вынесенага прысуду.
Адзіным даходам Валеря Бараноўскага апошнія гады была перагонка аўтамабіляў з-за мяжы: адзін-тры разы на год. Салігорац усё рабіў афіцыйна, сплачваў падаткі. І вось сёлета дазнаўся ад фінансавай міліцыі, што парушыў заканадаўства пра прадпрымальніцтва. Сам працэс суду Валеры Бараноўскі апісаў так: "Прадстаўленыя сьледчым у судзе сумы былі ўзятыя са словаў. Копіі дамоваў да ўвагі не бяруцца. Банкаўскі чэк з пячаткай не бярэцца да ўвагі".
У выніку Валерыя Бараноўскага абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і прысудзілі тры гады зьняволеньня з адтэрміноўкай на паўтара году. Таксама суд абавязаў Валерыя Бараноўскага выплаціць у бюджэт дзяржавы 26 мільёнаў рублёў. Цяпер Валеры Бараноўскі знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд.
Пра пачатак акцыі была праінфармаваная мясцовая пракуратура пісьмова, і Салігорскі гарвыканкам вусна. З выканкаму да галадоўніка адзін раз накіравалі брыгаду хуткай дапамогі, для кантролю. Паколькі іншай рэакцыі з боку ўлады на галадоўку не было, прадпрымальнік вырашыў акцыю спыніць і выплочваць штраф па 50 руб. штомесяц.
Падчас галадоўкі мясцовыя маладыя актывісты падтрымалі Валерыя Бараноўскага інфармацыйна раздавалі мінакам улёткі, дзе распавядалася пра акцыю пратэсту. Адзін з актывістаў, школьнік Іван Шыла, быў затрыманы міліцыяй.
Сёлета ў Салігорску актывісты дэмакратычнага руху трымалі дзевяцідзённую галадоўку з палітычнымі патрабаваньнямі. А ў Берасьці пятнаццаць працаўнікоў фірмы маршрутнага таксі галадалі, пратэстуючы супраць налічэньня дзяржавай шматмільённых выплатаў. Але ва ўсіх выпадках мясцовыя ўлады не пайшлі насустрач пратэстоўцам, паведаміла Радыё Свабода.