viasna on patreon

Воўчак абскардзіў свой арышт

2012 2012-02-06T13:48:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У скарзе праваабаронца Алег Воўчак піша, што сваёй віны не прызнае, а пастанову судзьдзі Аляксандра Якунчыхіна лічыць «незаконнай і неабгрунтаванай».

На думку Воўчака, суд дапусьціў «аднабаковасьць, няпоўнасьць і неаб’ектыўнае дасьледаваньне акалічнасьцяў адміністрацыйнай справы, істотнае парушэньне маіх правоў».

«Грубай нецэнзурнай лаянкай я ня лаяўся, рукамі не размахваў, не крычаў. Супрацоўнікі міліцыі з заўвагамі да мяне не зьвярталіся. Грамадзкі парадак і спакой грамадзян не парушаў. Я ўвогуле не ўжываю грубую нецэнзурную лаянку ў сваім лексыконе», — піша Воўчак.

Спасылаючыся на шматлікія парушэньні ў часе суду, ён просіць скасаваць рашэньне пра адміністрацыйны арышт.

«Я не асабліва спадзяюся, што рашэньне суду будзе скасаванае , але мне важна ўсё ж такі захаваць сваё добрае імя. Я ня дробны хуліган, і праваабаронцы матам ня лаюцца. Таму я буду абскарджваць свой арышт і ў Вярхоўны суд, і ў Камітэт па правах чалавека ААН, калі спатрэбіцца», — заявіў Воўчак БелаПАНу.

Былы сьледчы пракуратуры, кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Прававая дапамога насельніцтву» (Кіеў) Алег Воўчак быў затрыманы ў Менску 27 студзеня. На вуліцы да яго падышоў міліцыянт, папрасіў для праверкі дакумэнты і затрымаў.

30 студзеня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў Воўчака вінаватым паводле адміністрацыйнага артыкула «дробнае хуліганства». Воўчака арыштавалі на чацьвёра сутак.

Пасьля вяртаньня з Аўганістану Алег Воўчак працаваў у органах пракуратуры, быў сьледчым па асабліва важных справах. У канцы

1990-х гадоў кіраваў Цэнтрам прававой дапамогі насельніцтву, які страціў рэгістрацыю пасьля актыўнай абароны ахвяраў трагедыі на Нямізе ў 1999 годзе.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году Алег Воўчак быў даверанай асобаю кадыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, асуджанага на 5 з паловаю гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля актыўна дапамагаў асуджанаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу. Актыўны ўдзельнік шматлікіх кампаніяў за вызваленьне палітвязьняў, у тым ліку вязьняў Плошчы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства