У беларускім сэктары інтэрнэту зьявілася першая ў Беларусі лічбавая газэта пад назвай "Ежедневник"
Газэта выходзіць на расейскай мове, аднак выдаўцы кажуць, што асобныя вэрсіі могуць выйсьці на беларускай і ангельскай, паведаміла Радыё Свабода.
Бясплатную падпіску на "Ежедневник" можна аформіць праз электронную пошту, а да чытачоў яна будзе трапляць ад панядзелка да пятніцы. Творчы калектыў складаюць журналісты спыненай не без дапамогі ўладаў "Белорусской деловой газеты", а спэцыялізавацца інтэрнэт-выданьне будзе на аналітычных матэрыялах.
Падобныя да "Ежедневника" мас-мэдыі набылі шырокую папулярнасьць у заходніх краінах, шмат спэцыялізаваных выданьняў ёсьць у суседзяў - у Польшчы, Расеі, Украіне. Што да Беларусі, то й дагутэль у інтэрнэце можна было чытаць паведамленьні інфармацыйных агенцтваў. Галоўны рэдактар "Ежедневника" Сяргей Сацук расказвае, які менавіта досьвед узялі за ўзор: "Мы арыентаваліся збольшага на ўкраінскі рынак. Там існуюць дзьве аналягічныя газэты, якія распаўсюджваюцца праз э-мэйл у фармаце PDF, маючы наклад 200 тысяч асобнікаў (нягледзячы на тое, што незалежных выданьняў ва Ўкраіне вельмі шмат). Таму спадзяваліся, што ў нас таксама будзе падобны прадукт. І хоць гэта падпіска, але падпіска ўсё ж бясплатная".
Сяргей Сацук кажа, што "Ежедневник" праектаваўся як выданьне грамадзка-палітычнай скіраванасьці і арыентаванае на канкрэтны пласт спажыўцоў: "Так скажам, трайная арыентацыя: грамадзка-палітычная і дзелавая. Асноўны акцэнт мы хочам зрабіць на дзяржаўных службоўцаў. Хоць калі я размаўляў зь Пятром Марцавым, ён пасьмяяўся: чыноўнікі нас душаць, а вы хочаце для іх рабіць прадукт. Мы з гэтым ня згодныя, паколькі ціснуць не якіясьці канкрэтныя дзяржслужбоўцы, а ціснуць ўлады. І гэта не азначае, што трэба сябе супрацьпастаўляць усім астатнім дзяржаўным чыноўнікам. Сярод іх досыць шмат цікавых людзей, якія насамрэч хочуць чытаць незалежную прэсу. Таму мы арыентуемся на дзяржаўных службоўцаў, на бізнэсоўцаў, прадпрымальніцкаў і, як у нас напісана на першай старонцы, на тых людзей, якія занятыя справай".
Паколькі самастойная інтэрнэт-газэта для беларускага мэдыйнага рынку зьява прынцыпова новая, рэдактар Сяргей Сацук тлумачыць яе перавагі: "Мы вярстаемся як друкаваная газэта - кнопку націскаеш, яна раздрукоўваецца. Ня трэба нічога вывяраць, фарматаваць і г.д. Апроч таго, сайты пры жаданьні досыць лёгка заблякаваць, то бок, паставіць фільтры, як карпаратыўныя сеткі порнасайты блякуюць, і ўсё - на гэты сайт з якогасьці ўнівэрсытэту нельга зайсьці. А пошта - гэта такі прадукт, якім карыстаюцца ўсе. Ніхто блякаваць яе ніколі ня будзе. Нават калі заблякуюць адну пошту, можна лёгка адчыніць на дзесяці іншых і атрымліваць прадукт там".
Зрэшты, спадар Сацук не адкідае магчымага пераходу да друкаванага "Ежедневника", бо многія людзі кансэрватыўныя і аддаюць перавагу папяровым газэтам, а бальшыня беларускіх чытачоў папросту ня мае магчымасьці карыстацца інтэрнэтам.