Кіраўніцтва «Белай Русі» агітавала жыхароў Хойнікаў уступаць у арганізацыю
У час стварэння грамадскай арганізацыі «Белая Русь» дзяржаўныя СМІ не стамляліся пісаць і падкрэсліваць, што ініцыятыва па стварэнні арганізацыі ішла менавіта «знізу», то бок ад простых людзей, ад сахі і касы. А ўжо начальнікі «наверсе» проста падтрымалі ініцыятыву.
Зараз жа дзяржаўныя СМІ пішуць, не саромеючыся, пра тое, як начальнікі агітуюць просты люд уступаць у гэтую арганізацыю, якая павінна ператварыцца ў палітычную партыю.
Напрыклад, намеснікі старшыні РГА «Белая Русь» Аляксандр Шацько і Сяргей Пігароў наведалі Хойнікі з мэтай «сустрэч з працоўнымі калектывамі, гутаркі аб магчымасці стварэння пярвічных арганізацый, павелічэння колькасці членаў РГА «Белая Русь». Пра такія мэты напісала мясцовая раённая газета.
Выданне з жалем канстатавала, што Хойніцкая раённая арганізацыя «Белай Русі» налічвае «усяго 145 чалавек» і займае апошняе месца ў рэспубліцы па гэтым паказчыку сярод раёнаў.
Чым жа начальнікі збіраліся прывабіць і матываваць жыхароў Хойнікаў на ўступленне ў арганізацыю–будучую партыю? Дэпутат Аляксандр Шацько паведаміў, што «БР» налічвае ўжо 120 тысяч «рэальных членаў». «Гэта людзі, якія, як мінімум, разумеюць, што наша краіна зараз мае патрэбу ў нейкай палітычнай актыўнасці», - патлумачыў дэпутат. Ён папужаў трохі жыхароў Палесся «новымі выклікамі часу» і тым, што «у краінах, дзе больш моцныя дэмакратыі, і дзе палітычныя сістэмы больш устойлівыя, і яны разлятаюцца, як лісце ад ветру». А «БР» - гэта, па словах Аляксандра Шацько, «палітычны рух абаронцаў таго, што ў нас ёсць».
Што тычыцца Хойнікаў, то дэпутат прамовіў, што «для такога невялікага горада магчымасць палітычнага жыцця – гэта магчымасць рэалізаваць сябе перш за ўсё моладзі».
Сяргей Пігароў давёў да ведама жыхароў Хойнікаў, што наперадзе – парламенцкія выбары, і «БР» будзе як вылучаць сваіх кандыдатаў, так і працаваць у выбарчых камісіях і назіральнікамі. «А грамадскія прыёмныя аб'яднання будуць выконваць функцыі выбарчых штабоў», - праінфармаваў намеснік старшыні аб'яднання.