У Брэсце адкрылася выстава забароненых кніг
Выстава “100 забароненых кніг свету” падрыхтавана з выданняў, якія захоўваюцца ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага, але доступ да іх у свой час быў абмежаваны.
Як распавяла галоўны бібліятэкар аддзела абанемента Людміла Сахарэвіч, ідэя стварэння такой экспазіцыі нарадзілася тры гады таму падчас так званых “Горкаўскіх чытанняў”. Спачатку на выставе былі прадстаўлены творы на расейскай мове рэпрэсаваных у часы СССР пісьменнікаў, потым да іх далучыліся кнігі замежных аўтараў. Так, незайздросны лёс не абмінуў нават вядомую кнігу Джона Рыда “Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет”: у пяцідзесятыя гады мінулага стагоддзя гэты твор на нейкі час таксама быў забаронены цэнзурай і не выдаваўся чытачам бібліятэкі.
Але зараз асноўную частку створанай экспазіцыі, якая налічвае ўжо больш за 130 асобнікаў, складаюць творы беларускіх пісьменнікаў: у прыватнасці, тут прадстаўлены забароненыя ў свой час кнігі, аўтарамі якіх з’яўляюцца Цішка Гартны, Максім Зарэцкі, Уладзімір Жылка, Максім Лужанін, Уладзімір Дубоўка, Сяргей Грахоўскі ды іншыя.
Цяперашняя выстава падрыхтавана адмыслова да выніковай нарады работнікаў культуры і мастацтва Брэсцкай вобласці, аднак ужо дасягнута дамоўленасць, што пасля экспазіцыя будзе на пастаяннай аснове размешачана ў аддзеле абанемента абласной бібліятэкі.