Вярхоўны суд пакінуў вырак Саньнікаву бязь зьменаў
Вярхоўны суд не задаволіў скаргу адвакатаў на вырак былому кандыдату на прэзыдэнта Андрэю Саньнікаву.
У адказе на скаргу намесьнік старшыні Вярхоўнага суда Валеры Калінковіч
піша, што «вывучэньне матэрыялаў справы ў Вярхоўным судзе паказала, што
высновы судоў першай і касацыйнай інстанцыяў пра вінаватасьць Саньнікава
ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч.1 ст.293 КК, адпавядаюць
фактычным абставінам справы і зьяўляюцца правільнымі», перадае Інтэрфакс.
Саньнікава асудзілі на 5 гадоў калёніі. Яго прызналі вінаватым
у арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску 19 сьнежня 2010 года. У той
дзень у сталіцы Беларусі прайшла шматтысячная акцыя пратэсту супраць
фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.
23 студзеня Ірына Халіп заявіла, што яе мужа, былога кандыдата
на прэзыдэнта, палітвязьня Андрэя Саньнікава вымусілі падпісаць
прашэньне да Лукашэнкі. Прашэньне 20 лістапада «пагрозамі і катаваньнямі
выбілі з Андрэя», заявіла Халіп.
У студзені Саньнікава з памяшканьня камэрнага тыпу перавялі ў сёмы атрад
калёніі. Цяпер ён можа хадзіць на прагулкі на сьвежае паветра
і кантактаваць зь іншымі палітзьняволенымі.
Ад ліпеня Саньнікаў адбываў пакараньне ў калёніі ў Наваполацку, аднак
праз два месяцы яго без тлумачэньняў перавялі ў бабруйскую калёнію № 2.
У лістападзе палітвязьня этапавалі ў «Віцьбу-3».