Моладзь БНФ на 1 верасьня ладзіла перформанс
Ладзіць крэатыўныя акцыі на 1 верасьня стала ўжо добрай традыцыяй для моладзі БНФ. Гэты год ня стаў выключэньнем. Сёньня а 12 гадзіне на плошчы Якуба Коласа актывіст моладзі БНФ, пераапрануты ў чырвона-зялёнага ката, паставіў шыбеніцу з павешанай на ёй вялізнай кнігай "Гісторыя Беларусі. 10 кляса". Пэрфоманс закліканы скіраваць увагу мінакоў на тое, што адпаведна з апошняй пастановай Міністэрства адукацыі зараз выкладаньне гісторыі Беларусі будзе адбывацца на расейскай мове.
Падчас акцыі на плошчы прысутнічала шмат гледачоў і журналістаў.
Паралельна сябры моладзі БНФ раздавалі мінакам паштоўкі зь віншаваньнем з Днём ведаў і зьбіралі подпісы супраць выкладаньня гісторыі Беларусі на расейскай мове. Усе подпісы будуць неўзабаве перададзеныя ў Міністэрства адукацыі рэспублікі Беларусь, паведаміла прэс-служба моладзевай арганізацыі.