Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся да грамадзянаў Беларусі з нагоды пагрозы страты незалежнасці краіны
Дарагія суайчыннікі!
Прыйшоў час, калі ад кожнага з нас залежыць будучыня нашай краіны. У бліжэйшыя месяцы нам давядзецца вырашыць, ці будзе далей існаваць наша Радзіма – родная Беларусь, ці мы станем ускраінай іншай краіны – суседкі Расіі.
Цяперашні кіраўнік Беларусі доўга гуляў у інтэграцыю, бо надзвычай хацеў стаць самадзержцам “усяе Русі”. І дагуляўся. Плануецца рэферэндум па стварэнні так званай Саюзнай дзяржавы. Гэта не будзе аб’яднанне роўных. Наш лёс стане вырашаць “саюзнае” кіраўніцтва, дзе ў нас будзе нашмат менш галасоў, чым у суседзяў. Зноў па дазвол на ўсё будзем ехаць на паклон у сталіцу Расіі.
З суседам трэба сябраваць, супрацоўнічаць, гандляваць, паважаць адзін аднаго. Але нашто ізноў рабіць камунальную кватэру, спрабаваць жыць не сваім, а чужым розумам? Чаму мы, працавіты, адукаваны народ, павінны перакласці адказнасць за наш лёс на іншых? Мы што нямоглыя, хворыя, неразумныя?
Адныя кажуць: “Мы заўсёды былі разам...” Няпраўда – толькі два няпоўныя стагоддзі. А беларускай дзяржаўнасці больш за тысячу гадоў. Іншыя лямантуюць: “Мы такія бедныя, а ў іх – нафта і газ”. Але толькі непісьменны чалавек не ведае, што хутка ўсюды цэны на энерганосьбіты будуць сусветныя.
Паглядзіце на сённяшні свет: багацей за ўсё жывуць людзі ў невялікіх краінах, дзе няшмат прыродных рэсурсаў. Бо жывуць па сваёй волі ў свабодзе для сябе, а не для іншаземнага дзядзькі.
Затое скажу я табе, мой народзе: аб’яднаемся – і нашыя дзеці будуць ваяваць у Чачні, і скупяць нашыя прадпрыемствы і зямлю іхнія алігархі, і прыйдуць да нас іхнія мафія і злачынцы, і станем мы глыбінкай Расіі, дзе жывуць куды бядней, чым сёння ў нас.
Думайце, разважайце. Нават родным братам лепей жывецца ва ўласных дамах, чым у інтэрнаце.
Мы павінны захаваць нашу Беларусь незалежнай. Святым не гандлююць. Бацькаўшчына дасталася нам ад продкаў, і мы мусім захаваць яе для нашых нашчадкаў. Толькі незалежная Беларусь можа забяспечыць сваім грамадзянам дабрабыт і спакой.
Мы пабудуем еўрапейскую Беларусь, якая будзе для нас утульным домам, а для нашых суседзяў надзейным мастом супрацоўніцтва, але ніколі – прахадным дваром або разменнай манетай.
Маці-Радзіма патрабуе нашай абароны, чыстай веры, шчырай любові і гарачых сэрцаў.
Толькі разам мы адстаім свабоду і незалежнасць. Кожны з Вас патрэбны для гэтай святой справы.
Мы пераможам!
Аляксандр Мілінкевіч,
лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі
04 верасня 2006, Мінск