viasna on patreon

Затрымалі за ўлёткі, аштрафавалі – за лаянку (відэа)

2012 2012-01-29T18:41:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ivanou-petr-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пётр Іваноў

Пётр Іваноў

Жыхара Віцебску Пятра Іванова, грамадзяніна Расійскай Фэдэрацыі, прадстаўніка партыі "Адзіная Расія" і актывіста кампаніі "Гавары праўду" аштрафавалі на 140 тысяч рублёў нібыта за нецэнзурную лаянку. Але затрымлівалі яго за ўлёткі з заклікам да салідарнасці з Сяргеем Каваленкам, і менавіта гэта спадар Іваноў лічыць прычынай судовага і міліцэйскага пераследу.

На апошнім судовым пасяджэнні 27 студзеня Пётар Іваноў выступіў з хадайніцтвам пра адвод суддзі Кастрычніцкага райсуду Іны Грабоўскай. Ён заявіў, што суддзя дэманструе аднабаковы падыход, не хочучы разбірацца ў сутнасці справы. Іна Грабоўская адхіліла і гэтае хадайніцтва, і ўсе іншыя, заяўленыя падчас працэсу – не задаволіла ніводнага.

" Сведкі-міліцыянты блыталіся ў паказаннях. Адзін з іх проста ў вочы схлусіў, што тлумачыў мне  мае правы і абавязкі, хаця майго подпісу ў пратаколе няма, бо пра гэта не было нават гаворкі. На пытанне, ці адмаўляўся я ставіць свой подпіс, ён таксама не даў адназначнага адказу. Бо ў выпадку адмовы замест мяне мусілі б падпісацца панятыя. Але супрацоўнік міліцыі заявіў, нібыта я збіраўся пратакол "падпісаць пазней", і з гэткім дакументам мяне нібыта адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання", -- кажа Пётр Іваноў.

 

Ён тлумачыць, што суд разглядаў зусім не той пратакол, як склалі пры затрыманні 6 студзеня. Тады супрацоўнікі абвінавацілі Іванова ў закліках да антыдзяржаўных дзеянняў – яны ўбачылі іх у запрашэнні прыйсці на суд, каб падтрымаць Сяргея Каваленку. З такім пратаколам паводле загаду намесніка начальніка Кастрычніцкага РАУС Аляксандра Каліноўскага затрыманага і накіравалі ў ІЧУ. Але праз два дні, 9 студзеня, яму прынеслі для азнаямлення іншы пратакол – ужо пра нецэнзурную лаянку. Ён і быў без подпісаў – суддзя гэта бачыла на ўласныя вочы.

"У ізалятар Іванова проста не прынялі б з такім "дакументам". Значыць, даставілі яго з іншым пратаколам, які потым кудысьці знік. Затое ў судовай справе з'явілася тлумачэнне: маўляў, не пацвердзіліся падазрэнні ў тым, што Іваноў заклікаў на нейкія  акцыі. У яго дома правялі ператрус, а ў міліцыі канфіскавалі ўлёткі", -- кажа былы супрацоўнік МУС, таксама актывіст кампаніі "Гавары праўду" Сяргей Парсюкевіч.

Ён хацеў быць прадстаўніком Іванова на судзе. Але суддзя Грабоўская не дазволіла, спаслаўшыся на тое, што ў Пятра Іванова ёсць адвакат.

 

Сведкамі ў судзе былі толькі міліцыянты. Запісаўшы ў пратаколе, што ён "грамагласна нецэнзурна выражаўся, парушаючы спакой грамадзянаў", асабістыя дадзеныя тых самых грамадзянаў яны прадставіць суду не змаглі. Суддзя Іна Грабоўская палічыла сведчанні супрацоўнікаў міліцыі поўнымі, аб'ектыўнымі ды вартымі поўнага даверу. І прысудзіла Пятру Іванову штраф – у дадатак да таго, што амаль трое сутак ён і так правёў у ізалятары часовага ўтрымання.

Пётр Іваноў збіраецца абскардзіць судовую пастанову:

"Буду абскарджваць, бо тут безліч парушэнняў. Праінфармую пра гэты суд і пасольства Расійскай Федэрацыі, і асабіста Аляксандра Лукашэнку – абодвум гэтым адрасатам я дасылаў і матэрыялы пра маё затрыманне, і ўлёткі, якія стала прычынай канфлікту. Таго,  што  я іх распаўсюджваў, я не хаваю. Бо лічу недапушчальным для любой дзяржавы, калі яе грамадзян трымаюць у турмах паводле палітычных перакананняў, як Сяргея Каваленку".

Затрымалі за ўлёткі, аштрафавалі – за лаянку (відэа)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства