Недзяржаўнай газеце "Мясцовы час" адмовілі ў магчымасці асвятляць 1 верасня ўрачыстае адкрыццё Палескага дзяржаўнага універсітэта ў Пінску з удзелам прэзідэнта А. Лукашэнка
Як паведаміла Радыё Свабода, напярэдадні галоўны рэдактар газеты Віктар Ярашук звярнуўся, каб атрымаць дазвол на удзел у мерапрыемстве, у Пінскі гарвыканкам, аднак там яму адказалі, што гэта пытанне ў кампетэнцыі Брэсцкага аблвыканкама і пераадрасавалі туды. 28 жніўня рэдакцыя "Мясцовага часу" адправіла па факсу ліст з просьбай дазволіць супрацоўнікам газеты асвятляць урачыстае мерапрыемства ў аддзел ідэалагічнай работы Брэсцкага абласнога выканкама. А 31 жніўня атрымала адказ, ў якім са спасылкай на службу бяспекі прэзідэнта паведамлялася, што газеце "Мясцовы час" адмоўлена прысутнічаць на адкрыцці універсітэта.
Віктар Ярашук дзівіцца, чаму прэзідэнцкая служба бяспекі асцерагаецца пінскіх журналістаў з недзяржаўнай газеты: "Гэта такія ж грамадзяне, як і тыя, што працуюць у "вертыкальнай" прэсе, хіба толькі падзеі асвятляюць па-рознаму: у "Мясцовым часе" факты падаюць як яны ёсць."