Жонку Сяргея Каваленкі затрымалі за ўлёткі ў падтрымку мужа
Гэта здарылася каля 21-й гадзіны. Разам зь ёй у Першамайскі РАУС трапіла нявестка Крысьціна — жонка роднага брата Сяргея Каваленкі.
Брат Віталь Каваленка апавёў, што
абедзьвюх затрымалі за распаўсюд улётак зь інфармацыяй пра Сяргея,
які знаходзіцца пад арыштам у СІЗА:
«Гэта ўлёткі, на якіх выява ёлкі зь бел-чырвона-белым сьцягам
на вершаліне, які 7 студзеня 2010 году павесіў Сяргей. Там ёсьць
і ягоны партрэт, і зьвесткі пра тое, што ён знаходзіцца
ў зьняволеньні, што з 19 сьнежня трымае галадоўку пратэсту
супраць крымінальнага абвінавачаньня і што яго прымусова кормяць праз
зонд. Напісана там таксама, што сям’ю Сяргея, дзе выхоўваюцца двое малых
дзяцей, пакінулі бяз сродкаў да існаваньня».
Улёткі ў падтрымку Сяргея Каваленкі ў Віцебску зьяўляюцца
не ўпершыню. 12 студзеня, каля сябра КХП БНФ судзілі паводле
адміністрацыйнага абвінавачаньня, за распаўсюд улётак з запрашэньнем
на судовы працэс быў
затрыманы Пётар Іваноў. Але
ў пратаколе затрыманьня запісаная іншая прычына: нібыта актывіст кампаніі
«Гавары праўду» нецэнзурна выражаўся.
У віцебскім СІЗА Каваленку трымаюць, нягледзячы на тое, што сьледзтва
па крымінальнай справе, распачатай паводле артыкулу 415, ужо скончана.
Актывіста вінавацяць у парушэньні рэжыму адбываньня «хатняй хіміі» —
умоўнага пакараньня, прысуджанага за тое, што ён вывесіў бел-чырвона-белы
сьцяг на навагодняй ёлцы.