viasna on patreon

Не выключана, што супрацоўніца банка ў Бялынічах крала грошы ў некалькіх дзяцей-сірот

2012 2012-01-25T13:16:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzeci-kruyda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пракуратура Бялыніцкага раёна працягвае праверку разліковых рахункаў усіх выхаванцаў Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей–сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Згодна неафіцыйнай інфармацыі з праваахоўных органаў, супрацоўніца мясцовага аддзялення  “Белаграпромбанка” скрала грашовыя сродкі з разліковых рахункаў яшчэ ў некалькіх дзяцей-сірот, якія навучаліся ў Бялыніцкай дапаможнай школе-інтэрнаце. Крадзёж грошы яна, без усялякіх перашкод з боку свайго кіраўніцтва, ажыццяўляла на працягу некалькіх месяцаў. Зараз над расследваннем гэтай справы працуюць супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Згодна інфармацыі супрацоўнікаў міліцыі, касірка банка пачала здымаць грошы з разліковых рахункаў дзяцей-сірот яшчэ ў снежні 2010 года. Па неафіцыйнай інфармацыі, агульная сума скрадзеных супрацоўніцай банка ў дзяцей-сірот грошай набліжаецца да сарака мільёнаў рублёў. Супраць касіра ўзбуджана крымінальная справа па ч.3 арт. 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (прысваенне грашовых сродкаў у буйных памерах).

Нагадаем, што напачатку студзеня на шэрагу інтэрнэт-сайтаў з’явілася інфармацыя пра тое, што супрацоўніца аддзялення аднаго з банкаў у гарадскім пасёлку Бялынічы скрала з разліковага рахунка дзяўчынкі-сіраты, якая навучалася ў мясцовай школе-інтэрнаце, грошы ў суме 11 мільёнаў беларускіх рублёў. Наш сайт ужо паведамляў, што, пасля таго, як грошы з разліковага рахунка ў мясцовым аддзяленні “Белаграпромбанка” былой выхаванкі Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната Зінаіды Бондаравай былі скрадзены супрацоўніцай гэтай установы А., дзяўчыне давялось прыкласці шмат намаганняў, каб аднавіць справядлівасць і вярнуць свае грашовыя накапленні. Дабіцца нейкай справядлівасці былая выхаванка Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот змагла толькі дзякуючы дапамозе з боку сваіх былых настаўнікаў і дырэктара школы-інтэрната Мікалая Дзерыпоўскага.

Грошы ў выглядзе дапамогі ад дзяржавы пералічваюцца на рахункі дзяцей, пакінутых без бацькоў, штомесяц да іх поўналецця. Дзеці ў любы момант могуць зняць свае накапленні, але звычайна яны гэтага не робяць да поўналецця, бо знаходзяцца на поўным дзяржаўным утрыманні.

Вось і былая выхаванка Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната Зінаіда Бондарава вырашыла скарыстацца грашымі толькі мінулым летам, калі прайшло ўжо два гады пасля заканчэння школы. Але супрацоўнікі аддзялення банка дзяўчыну “адфутболілі”, сказалі, што свае грашовыя сродкі яна ўжо даўно патраціла, на яе разліковым рахунку грошай няма. Дзяўчына дрэнна размаўляе, таму банкаўскія служачыя не хацелі нават яе слухаць, тым больш што ўсе разліковыя аперацыі былі аформлены належным чынам, на дакументах стаялі быццам бы ўласнаручныя подпісы дзяўчыны. Тоглькі дзякуючы вялікім намаганням з боку былых настаўнікаў і дырэктара школы супрацоўнікі банка прызналі махляраства ў сваёй установе і вярнулі дзяўчыне грошы…

Зараз банк абяцае вярнуць грошы і іншым дзецям-сіротам, якія пацярпелі ад “дзейнасці” яго супрацоўніцы, калі факты махлярства пацвердзяцца. Незразумела толькі, чаму кіраўніцтва банка гэтае махлярства дапусціла і доўгі час не жадала нават выслухаць пакрыўджаную дзяўчыну. Гэта тым больш незразумела, бо сродкі на разліковых рахунках неабароненых асоб заўсёды павінны знаходзіцца пад пільным кантролем…

Па-ранейшаму пакуль няма адказу на пытанне, чым займаліся і куды глядзелі органы сацыяльнай абароны, бо менавіта яны павінны аказваць дапамогу дзецям-сіротам і людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Каб не настойлівасць былых настаўнікаў і дырэктара Зінаіды Бондаравай, магчыма, што бялыніцкая касірка працягвала грэць рукі на сіроцкіх грошах і да гэтага часу…

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства