viasna on patreon

У Магілёве са старшынёй стачкама домабудаўнічага камбіната не працягваюць кантракт

2012 2012-01-19T15:02:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/praca.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нягледзячы на тое, што дырэкцыя прадпрыемства абяцала не пераследаваць сябраў незалежнага прафасюза, кантракт з Алегам Аксёнавым ад 17 лютага працягнуты не будзе. Пра гэта паведаміла каардынатарка Свабоднага прафсаюза металістаў па Магілёўскай вобласці Галіна Лісіцына.

У прыватнай размове з Алегам Аксёнавым дырэктар домабудаўнічага камбіната спадар Парамовіч паведаміў прафсаюзнаму актывісту, што прычынай для звальнення з’яўляецца службовая запіска начальніка цэха, у якой апошні даводзіць да ведама дырэктара, што Аксёнаў валодае нізкай камунікабельнасцю з рабочымі цэха і начальствам, што сказваецца на ягонай працы.

Галіна Лісіцына кажа, што калі б Алег Аксёнаў не вылучаўся камунікабельнасцю і лідэрскімі якасцямі, то ён бы не стаў кіраўніком стачкама.

“Прычына для звальнення нашага актывіста надуманная. Дырэкцыя прадпрымства хоча з ім развітацца з-за ягонай актыўнасці і знайшла для гэта вось такую падставу”, - гаворыць  каардынатарка Свабоднага прафсаюза металістаў па Магілёўскай вобласці.

У сувязі з непрацягненнем працоўнага кантракту пададзена заява ў Магілёўскі Дэпартамент аховы працы, каб той правёў праверку з нагоды своечасовых выплат зарабатнай платы рабочым. Другая заява зараз рыхтуецца і прысвечана парушэнням тэхнікі бяспекі на домабудаўнічым камбінаце. Яна датычыць фізічнага стану эстакад, выцяжак, вентыляцыі, пакою для харчавання і г.д.
Галіна Лісіцына таксама адзначае, што падрыхтавана заява і да рабочых камбіната. У заяве ўтрымліваецца заклік праявіць салідарнасць са сваім калегам па працы і не даць адміністрацыі пакінуць яго без працы.

Нагадаем, што ў верасні на домабудаўнічым камбінаце ў бетоназмяшальным цаху рабочыя правялі агульны сход, на якім быў абраны стачкам, у склад якога ўвайшло сем чалавек. Яго старшынёй быў абраны Алег Аксёнаў. Стачкам выставіў восем патрабаванняў да адміністрацыі камбіната з нагоды паляпшэння ўмоваў працы, павышэння заробкаў і своечасовых іх выплат.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства