Кіраўнік Берасьцейскай абласной філіі БНФ Юрась Губарэвіч асуджаны на 10 сутак арышту
Суд Бярозаўскага раёну пакараў Юрася Губарэвіча за выкарыстаньне "незарэгістраванай сымболікі ў часе культурна-масавага мерапрыемства".
Міліцыянты склалі пратакол на спадара Губарэвіча на мінулым тыдні, калі ў Бярозаўскім раёне прыхільнікі руху "За свабоду" выехалі на адпачынак. Першае судовае паседжаньне было адкладзенае, бо кіраўнік філіі БНФ на Берасьцейшчыне пажадаў скарыстацца паслугамі адваката.
Па інфармацыі Радыё Свабода, 8 жніўня судзьдзя Вадзім Мазоль палічыў слушнымі тлумачэньні міліцыянтаў пра тое, што выкарыстаньне бел-чырвона-белых сьцягоў, прымацаваных да маторных лодак, ёсьць парушэньнем заканадаўства, і прысудзіў Юрасю Губарэвічу (ён быў названы арганізатарам мерапрыемства) 10 сутак адміністратыўнага арышту.
Адбываць пакараньне спадар Губарэвіч будзе у ізалятары часовага ўтрыманьня пры Бярозаўскім РАУС.