viasna on patreon

Журналісткі пазбаўленыя магчымасці працаваць

2012 2012-01-18T09:19:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Амаль месяц прайшоў з часу затрыманыя каля будынку КДБ фрыланс-фатографа Юліі Дарашкевіч і відэааператаркі “Нашай Нівы” Таццяны Гаўрыльчык, якія здымалі кароткую, але гучную акцыю руху Femen.
У журналістак забралі ўсю працоўную тэхніку, і яны дагэтуль пазбаўленыя магчымасці не толькі выконваць прафесійныя абавязкі, але і зарабляць на жыццё. “Мне няма як працаваць, бо не маю іншага фотаапарата”, - кажа Юлія Дарашкевіч. Прафесійная тэхніка сапраўды занадта дарагая, каб мець запасныя камплекты: Юлія прызналася, што камера, аб’ектыў і нэтбук, што ў яе забралі, каштуюць разам каля васьмі тысяч долараў.
Журналістка кажа, што пакласці камеры на стол ім загадалі адразу пасля затрымання ў КДБ - заявілі, што будуць выдаляць здымкі, таму што “будынак КДБ здымаць нельга”. Калі супрацоўнікі КДБ сталі некуды зносіць тэхніку, журналісткі запатрабавалі, каб афіцыйна аформілі яе вынятак. Тады дзяўчат і іх тэхніку (асобна) павезлі ў Цэнтральны РАУС, дзе і быў складзены пратакол вынятку.
“У пратаколе было абгрунтаванне, што нашу апаратуру забіраюць “дзеля атрымання інфармацыі”, - распавядае Юлія Дарашкевіч. – Але, акрамя флэшкі са здымкамі, у мяне забралі саму камеру, на якой увогуле не можа быць ніякай інфармацыі, бо няма ўнутранага носьбіта... Я намагалася адстаяць аб’ектыў (навошта яго браць, на яго ж здымкі не запісваюцца?), але ўсё роўна забралі. Потым яшчэ вярнуліся за маім камп’ютарам, які я нават не паспела скарыстаць, бо нас затрымалі ў самы разгар акцыі. Карацей, забралі ўсё самае дарагое, што было ў маёй кайстры: камера каштуе 5,5 тысячаў долараў, аб’ектыў – недзе 1,5 тысячы і столькі ж – нэтбук. У мяне аўтамабіль удвая таннейшы...”
Фотакарэспандэнтка спадзяецца, што ў хуткім часе ўсё ж атрымае сваю тэхніку, хаця скаргу на яе беспадстаўнае выманне нікуды не пісала. “Апеляваць да законаў не мае сэнсу. Я ўжо не пішу скаргаў, таму што мне надакучыла. Проста чакаю сваю апаратуру”, -- кажа яна.
Таццяна Гаўрыльчык, хоць і падавала скаргу кіраўніцтву Цэнтральнага РАУС, таксама пакуль нічога не атрымала назад. 18 снежня кіраўнік Цэнтральнага РАУС ажыццяўляе прыём грамадзян. Журналістка разам з рэдактарам “Нашай Нівы” Андрэем Скурко маюць намер трапіць на гэты прыём, каб патрабаваць ад службовай асобы выканання закону.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства