Мазырская пракуратура пагражае абаронцу жывёлаў
Старшыня грамадскага аб'яднання па абароне жывёл «Зоозащита» Павел Наздра быў выкліканы ў раённую пракуратуру з нагоды шматлікіх скаргаў жыхароў райцэнтра на незаконныя забойствы як бадзяжных, так і хатніх сабак. Варта заўважыць, што людзі часта звярталіся са скаргамі менавіта да актывіста і пры яго падтрымцы пісалі звароты да мясцовых уладаў і ў пракуратуру. Але замест таго, каб разбірацца з парушэннямі заканадаўства – а лаўцы жывёл вялі адстрэл сабак на вуліцах Мазыра, прычым забівалі не толькі бадзяжных, але і хатніх сабак, пракуратура занялася пошукам парушэнняў у дзейнасці старшыні грамадскага аб'яднання. «Аказваецца ціск не толькі на мяне, але і на іншых сяброў аб'ядання. Жыхарка Мазыра, якая прадстаўляла юрыдычны адрас нашай арганізацыі, заявіла днямі, што скасуе дадзенае прадстаўленне, бо, маўляў, у яе з-за нашага аб'ядання праблемы. Так і мяне абвінавацілі ў пракуратуры, што я шмат пішу скаргаў, што парушаю закон, што прадстаўляю непраўдзівыя звесткі. Наогул мне пагражалі, што пункт часовага ўтрымання жывёл зачыняць, а наша грамадскае аб'яднанне разгоняць і ліквідуюць», - пракаментаваў Павел Наздра.
Раней, у снежні 2011 года, кіраўніцтва Мазырскага райжылкамгаса, у падначаленасці якога і знаходзіцца брыгада па адлову бадзяжных жывёл, абвінаваціла актывіста ў паклёпе і паскардзілася на яго ў міліцыю. Маўляў, абаронца жывёл праз Інтэрнэт распаўсюджвае непраўдзівыя звесткі пра дзейнасць брыгады па адлову сабак. Паўла Наздру выклікалі ў міліцыю, а ён прыклаў да свайго тлумачэння шматлікія скаргі жыхароў Мазыра. За два гады да абаронцы жывёл звярнуліся дзесяткі людзей, якія скардзіліся на жорсткае абыходжанне з сабакамі, якіх забівалі дыцылінам на вуліцах і нават душылі адмысловымі прыстасаваннямі на вачах мінакоў. Летам па скарзе актывіста адзін з лаўцоў быў звольнены, а другі атрымаў спагнанне за забойства сабакі, які гуляў з гаспадаром у парку. Прычым у Паўла Наздры ёсць і здымкі, якія даказваюць дадзеныя факты жорсткіх забойстваў. Але відаць, што мясцовым уладам зручней разабрацца з адным абаронцам жывёл, ліквідаваўшы грамадскае аб'яднанне, чым разбірацца з праблемай па сутнасці.