viasna on patreon

Гомельскія актывісты патрабуюць тлумачэньняў ад палаты прадстаўнікоў

2006 2006-08-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадзкія актывісты Гомеля падрыхтавалі зварот, які накіраваны ў "палату прадстаўнікоў" і ў "савет рэспублікі" так званага "нацыянальнага сходу". Ініцыятары звароту лічаць, што гэтыя органы павінны патлумачыць, як мусяць афармляцца заявы на правядзеньне масавых мерапрыемстваў. "Яны прымалі Закон аб масавых мерапрыемствах, яны, паводле заканадаўства, павінны і тлумачыць яго",  кажа Леанід Судаленка, старшыня Гомельскага гарадзкога аддзяленьня грамадзкага абяднаньня "Прававая ініцыятыва".
Як паведамляе belngo.info, прычынай звароту сталася пастанова суда Цэнтральнага раёну Гомеля пра тое, што рашэньне ўладаў аб забароне мітынгу ў Гомелі было правільным. Мітынг меркавалася правесьці ў красавіку, з нагоды 20-годзьдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС, аднак выканаўчы камітэт Гомельскай вобласьці адмовіў у дазволе. У матывіроўцы, якую судзьдзя даслаў днямі арганізатарам мітынгу, гаворыцца, што фізычныя асобы ня могуць адказваць за грамадзкі парадак, мэдыцынскую дапамогу і прыборку тэрыторыі падчас правядзеньня масавага мерапрыемства. (У заяве на правядзеньне мітынгу арганізатары падавалі, што гэтую адказнасьць яны бяруць на сябе).
"Закон аб масавых мерапрыемствах патрабуе, каб менавіта арганізатары мітынгу ўказвалі ў заяве, хто будзе адказны за ўсе захады па забесьпячэньні мітынгу. Але калі арганізатары мітынгу - недзяржаўныя арганізацыі, яны могуць даручыць гэтую адказнасьць толькі фізычным асобам. Зыходзячы з матывіроўкі суда, фізычныя асобы ня могуць адказваць за гэта. Атрымліваецца, што не гарантуецца канстытуцыйнае права на правядзеньне масавых мерапрыемстваў. Таму і існуе неабходнасьць, каб "нацыянальны сход" патлумачыў, як павінна вырашацца гэтае пытаньне",  лічыць Л. Судаленка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства