viasna on patreon

Вярхоўны суд не адмяніў арышт за “дробнае хуліганства”

2012 2012-01-17T12:17:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sluchak_ihar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Гомельскі грамадскі актывіст Ігар Случак

Гомельскі грамадскі актывіст Ігар Случак

Грамадскі актывіст, ініцыятар грамадзянскай кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак атрымаў адказ на сваю скаргу ў Вярхоўны суд. Малады чалавек не быў згодны з пастановай суду Савецкага раёну Гомеля аб прыцягненні яго да арышту за «брудную лаянку» і абскарджваў дадзенае рашэнне ў вышэйстаячых інстанцыях.

Нагадаем, актывіст быў затрыманы ў жніўні спецназам і абвінавачаны ў «дробным хуліганстве». Малады чалавек атрымаў трое сутак арышту. Сведкам яго «супрацьпраўных паводзінаў» выступаў на судзе нейкі жыхар Гомеля Сяргей Замай, які неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, стаяў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і «у дастатковай колькасці», па яго ж словах на судзе, ужывае алкаголь. Гэты чалавек сцвярджаў, што каля 16.00 Ігар Случак штурхнуў яго ў плячо ў раёне вуліцы Студэнцкі праезд, а потым яшчэ і брудна аблаяў. Нягледзячы на асобу сведкі, суд поўнасцю стаў на яго бок, і прызнаў актывіста вінаватым. Абскарджанне ў абласным судзе не прынесла плёну.

Прыйшлося Ігару Случаку самому шукаць афіцыйныя прычыны недаверу да паказанняў сведкі, калі суд не прымае пад увагу тое, што дадзены сведка, мякка кажучы, чалавек ненадзейны.

Актывіст накіраваў запыт на месца працы сведкі Сяргея Замая, у лакаматыўнае дэпо, дзе пытаўся: дзе знаходзіўся іх працаўнік у дадзены перыяд часу, калі было нібыта здзейснена правапарушэнне? Намеснік начальніка прадпрыемства Забелла адказаў, што 26 жніўня ў перыяд з 15.30 да 16.30 Сяргей Замай знаходзіўся на працоўным месцы, у лакаматыўным дэпо па адрасе Гаспадарчая алея, 1. Але, калі верыць міліцэйскаму пратаколу, то ў 16.00 дадзены грамадзянін знаходзіўся ў іншай частцы Гомеля, а менавіта на Студэнцкім праездзе, адлегласць да якога ад лакаматыўнага дэпо – не менш за пяць кіламетраў. Выходзіць, калі афіцыйныя органы – як кіраўніцтва лакаматыўнага дэпо, так і міліцыя, кажуць праўду, то дадзены сведка валодае талентам тэлепартацыі, то бок можа перамяшчацца з аднаго месца ў іншае імгненна, не існуючы ў прамежкавых кропках паміж імі.

Вось і старшыня абласнога суду прызнала, што дадзены факт мае месца, не звярнуўшы ўвагу на прыкладзеную да скаргі даведку з лакаматыўнага дэпо.

Тады актывіст паскардзіўся ў Вярхоўны суд. Там ужо разглядзелі дадзеную даведку з лакаматыўнага дэпо. Але вынік быў нечаканы: «З даведкі Гомельскага лакаматыўнага дэпо, прыкладзенай да скаргі, вынікае, што слесар Замай 26 жніўня да 16.30 знаходзіўся на працы. Разам з тым, па паведамленню начальніка Гомельскага лакаматыўнага дэпо ад 6 студзеня 2012 года, дадзеныя звесткі ў даведцы з'яўляюцца няправільнымі, паколькі Замай знаходзіўся на працы 26 жніўня да 15 гадзін». У сувязі з такім удакладненнем Вярхоўны суд не знайшоў падстаў для адмены судовага рашэння.

Цікава, што і Ігар Случак атрымаў тлумачэнні з лакаматыўнага дэпо, дакладней, вышэйстаячай арганізацыі. Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі дало адказ актывісту, што «па фактах з вашага звароту кіраўніцтвам аддзялення Беларускай чыгункі праведзены разбор з работнікамі лакаматыўнага дэпо». Па выніках такога мерапрыемства, як “разбор” - а менавіта так і напісана ў адказе, «начальнік базы паліва пазбаўлены прэміі на 100%, за неналежнае выкананне службовых абавязкаў, а працуючы ў дадзены час на пасадзе спецыяліста па кадрах Забелла прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці».

Вось якія жарсці разгарэліся вакол ілжэсведкі, слесара Замая, нават яго кіраўніка, намесніка начальніка лакаматыўнага дэпо, панізілі ў пасадзе – да спецыяліста па кадрах, за тое, што даў праўдзівую даведку, і дапамог Ігару Случаку даказаць усю абсурднасць абвінавачванняў.

І якую тытанічную працу правялі кіраўнікі лакаматыўнага дэпо, і аддзялення чыгункі, даказваючы, як дасканала яны ведаюць свой участак працы і супрацоўнікаў! Праз пяць месяцаў пасля інцыдэнту кіраўніцтва ўспомніла, што «слесар Замай 25 жніўня ўдзельнічаў у пазаўрочнай працы па ліквідацыі паломкі мыйнай устаноўкі», за што яго 26 жніўня на дзве гадзіны раней адпусцілі з працы. І, такім чынам, ён мог быць сведкам правапарушэння. Нават начальства пакаралі, што «няправільную» даведку далі.

Разам з тым, Ігар Случак плануе напісаць яшчэ адну скаргу, старшыні Вярхоўнага суду. «Дадзены адказ падпісаны намеснікам старшыні Вярхоўнага суду Валерам Калінковічам, хоць я звяртаўся да старшыні, а не яго намесніка. Спадзяюся, што старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала будзе больш аб'ектыўным і ўважлівым, чым яго падначаленыя, нездарма ж ён быў прызначаны на вышэйшую судовую пасаду Беларусі», - пракаментаваў актывіст.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства