viasna on patreon

Адвакат Сідарэнка суддзям: «Я спадзяюся на вашае прафесійнае сумленне і гонар»

2012 2012-01-17T09:45:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sidarenka_t.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Тамара Сідарэнка. Фота svaboda.org

Тамара Сідарэнка. Фота svaboda.org

12 студзеня 2012 года судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда ў складзе суддзяў Н. Жупікавай, І. Угнівенка, А. Крапіўка разгледзела грамадзянскую справу па скарзе адваката Тамары Сідарэнка на неправамоцныя дзеяньні Міністэрства юстыцыі па спыненні дзеяння яе ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці.
Вызначэннем судовай калегіі рашэнне суда Маскоўскага р-на г. Мінска ад 28 кастрычніка 2011 года, , пакінутае без зменаў, а касацыйная скарга Т. Сідарэнка - без задавальнення.
Нагадаем, 30 жніўня 2011 г., на пасяджэнні калегіі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь было зацверджана рашэнне кваліфікацыйнай камісіі аб спыненні дзеяння ліцэнзіі адваката Тамары Сідарэнка за дапушчанае паўторнае (на працягу 12 месяцаў) парушэнне заканадаўства аб ліцэнзаванні.
Т. Сідарэнка працавала ў адвакатуры з 1978 года і мае бездакорную рэпутацыю. Яна па праву з'яўляецца адной з найбольш вядомых беларускіх адвакатаў. За высокі прафесіяналізм і добрасумленную працу па абароне правоў і свабод грамадзян Т. Сідарэнка неаднаразова заахвочвалася Міністэрствам юстыцыі (апошні раз 14 снежня 2010 г.) і Прэзідыумамі Мінскай гарадской і рэспубліканскай калегій адвакатаў. За ўвесь перыяд адвакацкай дзейнасці дысцыплінарных спагнанняў не мела.
У апошнія гады прафесійная біяграфія Т. Сідарэнка адзначана удзелам у гучных судовых працэсах. Так, яна абараняла апазіцыйнага актывіста А. Кіма ў рамках "Справы чатырнаццаці" (2008 г.) і У. Асіпенку ў рамках справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў (2010 г.). На стадыі папярэдняга расследавання і разгляду ў судзе крымінальнай справы аб падзеях 19 снежня 2010  Сідарэнка абараняла экс-кандыдата ў прэзідэнты У. Някляева. Пасля пазбаўлення ліцэнзіі адваката А. Агеева яна таксама абараняла іншага экс-кандыдата - А. Міхалевіча.
Праблемы з Мінюстам ў Т. Сідарэнка пачаліся менавіта пасля таго, як яна прыняла на сябе абарону інтарэсаў У. Някляева ў снежні 2010 года.
На стадыі папярэдняга расследавання Т. Сідарэнка неаднаразова заяўляла аб парушэнні правоў У. Някляева як пры затрыманні, так і пры ўтрыманні пад вартай. У ходзе разгляду справы ў судзе адвакат заяўляла аб поўнай невінаватасці У. Някляева і прасіла суд апраўдаць яе падабароннага.
29 снежня 2010 г. Міністэрства юстыцыі накіравала ў Прэзідыум Мінскай гарадской калегіі прадстаўленне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці Т. Сідарэнка і яшчэ 4 адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў крымінальнай справы па падзеях на Плошчы.
Падставай для прадстаўлення міністэрства стала інтэрв'ю Т. Сідарэнка ў СМІ, у якім было сказана пра тое, што яна ўжо некалькі дзён запар не можа патрапіць у СІЗА КДБ да свайго падабароннага У. Някляева, нягледзячы на  дазвол следчага. Прычым у СМІ адвакат выступала ўжо пасля таго, як ёю былі накіраваныя скаргі ў пракуратуру, і не было адэкватнай рэакцыі з боку дзяржавы. Аднак Мінюст расцаніў гэтыя выказванні як некарэктныя, якія негатыўна ацэньваюць працу дзяржорганаў і палічыў, што адвакат у сваім інтэрв'ю дапусціла здагадку аб мэтанакіраваным нядопуску яе да У. Някляева.
6 студзеня ў сувязі з названымі каментарамі ў СМІ Т. Сідарэнка разам з іншымі 5 адвакатамі атрымала першае прадпісанне ад Мінюста.
Разам з тым, кіраўніцтва МГКА не ўгледзела парушэнняў закона і прафесійнай этыкі у дзейнасці сваіх калег, а таксама падстаў для прыцягнення адвакатаў да дысцыплінарнай адказнасці і не падпарадкавалася прадстаўленню Міністэрства.
Пасля згаданых падзеяў Мінюст сумесна з КДБ ініцыяваў праверку ў Мінскай гарадской калегіі, па выніках якой 14 лютага 2011 пазбавіў ліцэнзій Уладзіміра Тоўсціка, Тамару Гараеву, Алега Агеева і Таццяну Агееву. Першыя трое абаранялі абвінавачаных па справе аб падзеях 19 снежня, а Т. Агеева ўдзельнічала ў вытворчасці следчых дзеянняў па гэтай крымінальнай справе.
У пачатку сакавіка адвакат П. Сапелка, які бараніў экс-кандыдата ў прэзідэнты А. Саннікава, па прадстаўленню Міністэрства юстыцыі рашэннем прэзідыума МГКА быў выключаны з членаў калегіі.
 Неабходна адзначыць, што трое з названых 5 адвакатаў (П. Сапелка, Т. Агеева, А. Агееў) з'яўляліся членамі прэзідыума МГКА.
У красавіку ў дачыненні да Т. Сідарэнка разам з шэрагам іншых адвакатаў, якія працавалі па справе 19 снежня, была праведзеная яшчэ адна  праверка з боку Мінюста. У выніку праверкі ў яе былі выяўленыя асобныя фармальныя тэхнічныя парушэнні пры вядзенні справаздачнасці, на падставе чаго Т. Сідарэнка было вынесенае другое прадпісанне.
Напярэдадні праходжання  атэстацыі ў жніўні Т. Сідарэнка даведалася, што кваліфікацыйная камісія Мінюста прыняла рашэнне аб спыненні дзеяння яе ліцэнзіі на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці.
Неабходна адзначыць, што Палажэнне аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, на падставе якога Т. Сідарэнка вынесеныя абодва загады, ўступіла ў сілу толькі з 1 студзеня 2011 г., у той час як усе "парушэнні" адносяцца да перыяду 2010 года. У тэксце Указа № 450 няма нормы аб магчымасці яго прымянення да абставін, якія ўзніклі да яго ўступлення ў сілу, таму дзейнічаюць агульныя правілы адсутнасці зваротнай сілы нарматыўнага прававога акта.
Акрамя таго, нельга пагадзіцца з довадамі Мінюста аб тым, што паўторнае парушэнне Т. Сідарэнка было дапушчана на працягу 12 месяцаў пасля першага, паколькі другое прадпісанне вынесена па падзеях, якія папярэднічалі тым, якія сталі падставай для першага прадпісання.
Аднак судамі названыя абставіны і парушэнні закона былі не прынятыя да ўвагі.
Пазіцыю Т. Сідарэнка ў судзе падтрымаў Беларускі Хельсінскі Камітэт, які быў дапушчаны ў судовае пасяджэнне ў якасці прадстаўніка грамадскасці. У Мінскім гарадскім судзе ад імя БХК выступаў вядомы праваабаронца Г. Паганяйла.
У ходзе судовага разбору Т. Сідарэнка звярнулася да членаў судовай калегіі Менгарсуда са словамі: "Я спадзяюся на вашу прафесійнае сумленне і гонар». Аднак гэты заклік не паўплываў на суддзяў і, кіруючыся сваімі ўяўленнямі аб сумленні і гонару, суд адмовіў адвакату з 33-гадовым стажам працы і бездакорнай рэпутацыяй ў праве ажыццяўляць прафесійную дзейнасць.
Практыка паказала, што мае месца выбарчы падыход да выбару адвакатаў, якія былі пазбаўленыя ліцэнзіі. У цяперашні час можна казаць аб тым, што ўсе адвакаты, пазбаўленыя ліцэнзіі, тым ці іншым чынам датычныя да крымінальнай справы па падзеях 19 снежня 2010 года. Падставы пазбаўлення права на заняткі адвакацкай дзейнасцю насілі фармальны характар і часцяком нават не былі прадугледжаныя дзеючым заканадаўствам. Таксама мелі месца парушэнні ўсталяванай законам працэдуры, пры прыняцці рашэння не ўлічваліся прафесійныя якасці, выключна станоўчыя характарыстыкі, адсутнасць якіх-небудзь наступстваў выяўленых «правін».
На сённяшні дзень усе адвакаты, пазбаўленыя ліцэнзіі, абскардзілі дзеяньні Міністэрства юстыцыі ў суд, аднак суды падтрымалі пазіцыю Мінюста і не вярнулі ліцэнзій.
Адзіным адвакатам, якому была вернутая ліцэнзія, з'яўляецца Т. Гараева. Рашэнне аб вяртанні ёй ліцэнзіі Міністэрствам юстыцыі прымалася адначасова з рашэннем аб спыненні дзеяння ліцэнзіі Т. Сідарэнка. Складана сказаць - якімі крытэрамі кіравалася Міністэрства юстыцыі пры вяртанні ліцэнзіі Т. Гараевой, дзеянне ліцэнзіі якой было спынена за адмову ад абароны І. Халіп у адпаведнасці з ч. 2 арт. 110 Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, зацверджанага Указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010/09/01 г. № 450.
З пункту гледжання абгрунтаванасці пазбаўлення ліцэнзіі Т. Гараевой можна казаць аб тым, што яна была адзіным адвакатам, у дачыненні да якой Міністэрства юстыцыі ўжыло падставу, прадугледжаную дзеючымі нарматыўнымі актамі. Яна таксама, як і іншыя апальныя адвакаты, пасля спынення яе ліцэнзіі звярнулася ў суд з скаргай на дзеянні Міністэрства юстыцыі. Суд не знайшоў парушэнняў у дзеяннях Мінюста і прызнаў пазбаўленне ліцэнзіі Т. Гараевой законным і абгрунтаваным. Аднак, нягледзячы на пастановы судоў, якія ўступілі ў законную сілу, Мінюст прыняў рашэнне самастойна вярнуць ёй ліцэнзію.

lawtrend.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства