Ці выпусцяць Сяргея Каваленку пад заклад?
Жонцы віцебскага актывіста, якая звярнулася з заявай пра гэта ў следчы камітэт, паабяцалі даць адказ на працягу 15-ці дзён. Суму грашовага закладу таксама павінны вызначыць следчыя, калі дадуць сваю згоду. Алена Каваленка аргументавала сваю заяву тым, што муж ужо амаль месяц знаходзіцца ў СІЗА ў стане галадоўкі супраць несправядлівага, на ягоную думку, зняволення. І з кожным днём расце небяспека незваротных наступстваў для яго здароўя.
"Пакуль, як нам кажуць, стан здароўя Сяргея здавальняючы. Так нам з яго маці кажуць лекары з СІЗА. Кажуць таксама, што яму ставяць кропельніцы – мы ведаем, што з глюкозай, а з чым яшчэ – невядома", -- распавяла Алена Каваленка.
16 студзеня яны прыходзілі ў СІЗА, бо хацелі павіншаваць Сяргея з днём народзінаў: 16 студзеня яму споўнілася 37 гадоў. Кветкі для яго перадаць адмовіліся, бо па панядзелках перадачы не прымаюцца ўвогуле. Сябры і аднадумцы даслалі Сяргею ў СІЗА тэлеграмы – каб трымаўся і каб бярог сябе. А букет белых і чырвоных гваздзікоў, які не трапіў да зняволенага, перадалі ягонай маці, спадарыні Лідзіі.
З 22 снежня актывіст знаходзіцца ў СІЗА паводле крымінальнага абвінавачання. Супраць яго распачалі справу паводле артыкулу 415 "Ухіленне ад адбывання пакарання". Яго вінавацяць у парушэннях адбывання рэжыму ўмоўнага пакарання – "хатняй хіміі", прысуджанай яму за тое, што 7 студзеня 2010 году ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй елцы. Незадоўга да таго, як яго змясцілі ў СІЗА, Сяргей Каваленка падаў скаргу ў Камітэт ААН па правох чалавека. Такім чынам ён спрабуе аспрэчыць прысуд, вынесены яму за вывешваньне сцяга на елцы, якое суд кваліфікаваў як злоснае хуліганства.