Менскі гарадскі суд разгледзіць скаргу асуджанай за ўдзел у акцыі 19 сьнежня
Заўтра а 15-й гадзіне ў Менскім гарадскім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі Сьвятланы Задзядзюрынай на пастанову суда Партызанскага раёну Менска аб прыцягненьні яе да адміністратыўнай адказнасьці паводле арт. 23.34 КаАП РБ за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня 2011 года.
У сваёй скарзе Сьвятлана Задзядзюрына адзначыла, што да 19 сьнежня 2011 года да 19:20 знаходзілася на занятках у будынку фізічнага факультэту БДУ. А 19:30 недалёка ад Чырвонага касьцёлу яе затрымалі ў той час, калі яна ішла дадому. Студэнтка заяўляе, што не мела ні намеру, ні магчымасьці ўдзельнічаць у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Таксама яна зьвяртае ўвагу на супярэчаньні паказаньняў сьведкі-міліцыянта зьместу пратаколу аб адміністратыўным правапарушэньні. У прыватнасьці, не супадае дакладнае месца затрыманьня.
За ўдзел у несанкцыянаваным пікеце каля Чырвонага касьцёла суддзя Абрамовіч прысудзіла Сьвятлану Задзядзюрыну да штрафу ў памеры 25 базавых велічыняў.